Мерапрыемства вёў у статусе гасьціннага гаспадара Леанід Гаравы, каардынатар руху па Віцебскай вобласьці.
Сустрэча пачалася з урачыстага і прыемнага моманту – зь віншаваньня з 60-гадовым юбілеем даўняга актывіста руху з Шумілінскага раёну Аляксандра Шчамлёва. У знак удзячнасьці за сваю дзейнасьць ён атрымаў у падарунак кнігу з подпісам Юрася Губарэвіча і грамату. А заслугаў у яго шмат. У апошняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя органы ўлады ён удзельнічаў у якасьці кандыдата. Землякі-аднавяскоўцы абралі яго дэпутатам сельсавету, але наступнай раніцай большасьць бюлетэняў, пададзеных за Шчамлёва, сталі несапраўднымі. Мяркуючы па ўсім, камісія сапсавала бюлетэні. Акрамя гэтага актывіст вядзе мясцовы партал навінаў shumilina.by, куды пастаянна заходзяць мясцовыя жыхары, каб даведацца праўдзівую інфармацыю і навіны свайго рэгіёну.
На самой жа сустрэчы абмяркоўвалася бягучая палітычная і эканамічная сытуацыя ў краіне, маршы «недармаедаў», што прайшлі нядаўна, і ўдзел у іх актывістаў руху, а таксама будучая выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы. Меркаваньні ўдзельнікаў падзяліліся адносна таго, ці трэба браць удзел у кампаніі. І калі трэба, то ў якім статусе – назіральнікаў на участку, кандыдатаў, ці яшчэ як.
Асаблівую заклапочанасьць прысутных выклікала сытуацыя з так званым «рускім сьветам» і маючымi адбыцца сумеснымі беларуска-расейскімі ваеннымі вучэньнямі. На думку некаторых удзельнікаў, гэтыя манэўры нясуць наўпроставую пагрозу для сувэрэнітэту Беларусі, і рух «За свабоду» павінен займаць у гэтым пытаньні больш актыўную пазыцыю і інфармаваць пра пагрозу грамадзян краіны.
У канцы сустрэчы актывісты задалі пытаньні спадару Губарэвічу, а таксама выказалі свае прапановы наконт стратэгіі разьвіцьця руху.
https://vitebsk.dns.army/news/vybary/item/2303-kiraunik-rukhu-za-svabodu-yuras-gubarevich-sustreusya-z-aktyvistami-vitsebshchyny#sigProId22b8177f27
Уладзімер Бяляўскі