Нагадаем, сёлета падчас збору подпісаў за іх вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты актывісты супольна прасьпявалі вядомы беларускі нацыянальны гімн. Публічнае выяўленьне сваёй нацыянальна-культурнай прыналежнасьці пазбавіла супакою ня толькі віцебскіх праваахоўнікаў, але і падштурхнула да агрэсіўнай рэакцыі публіку зусім іншага кшталту. Неўзабаве пасьля таго, як ўзнёслае і прыгожае відэа зь песьняй на словы Натальлі Арсеньевай у выкананьні Тацяны Севярынец, Георгія Станкевіча і Алены Шабуні было выкладзена ў сеціва, зьявілася мярзотная пераробка арыгінальнага роліка.
У пераробленайф вэрсіі, якую апублікаваў у інтэрнэце нехта Дзьмітры Літвін, відэашэраг спалучаны з абсалютна іншым гукавым суправаджэньнем. І ўсё б нічога, але новы тэкст ня толькі бессаромнага ці абразьлівага зьместу – ён увесь складаўся амаль выключна зь ненарматыўнай лексікі.
Але гэта ня ўсё. Той самы Літвін на сайце knizhnyj-larek.ru апублікаваў яшчэ адзін «шэдэўр» пад назвай «Таталітарная сэкта ў Беларусіі». І калі вы падумалі, што ў ім насамрэч вядзецца пра таталітарную сэкту, то памыліліся. Насамрэч гэта чарговая спроба дыскрэдытацыі палітычнай ініцыятывы, прадстаўнікамі якой зьяўляюцца трое згаданых актывістаў. Вось некалькі яскравых вытрымак з тэксту: «Таталітарная польская каталіцкая ератычная сэкта "Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя"», «Каталіцызм, каталікі пакланяюцца люцыфэру. Служат антыхрысту (сатане, д'яблу). Каталіцызм – гэта ератычнае веравызнаньне, у аснове якога ляжыць шэраг фальшывых вучэньняў!!!», «Сэктантка, ератычка Тацяна Севярынец. Польскія халуі, заходнія пэдэрасты педерасты...» І гэта, зразумела, далёка ня ўсё.
Спадары Севярынец, Станкевіч і Шабуня вырашылі не пакідаць зьяўленьне ў сеціве абразьлівых, на іх думку, матэрыялаў. 22 верасьня была напісаная адпаведная заява ў АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску. Справай займаўся лейтэнант М. Дарогенскі, які пасля вывучэньня высноваў прызначанай лінгвістычнай экспэртызы, прыйшоў да заключэньня, што ў тэксьце няма моўных сродкаў абразьлівага характару, якія былі б скіраваныя на адрас заяўнікаў.
З пастановай міліцыянта пра спыненьне справы аб адміністрацыйным правапарушэньні былыя кандыдаты ў дэпутаты не пагадзіліся. Яны зьвярнуліся ў гарадзкую пракуратуру, абгрунтоўваючы сваю пазыцыю тым, што абразьлівыя словы гучаць на фоне іх постацяў, належаць да абразьлівай лексікі, зьяўляюцца непрыстойнымі па форме і прыніжаюць іх гонар ды годнасьць, што зьяўляецца доказам адміністрацыйных правапарушэньняў, прадугледжаных артыкуламі 9.2 і 9.3 КаАП. Пацярпелыя грамадзяне просяць пракурора скасаваць пастанову ўчастковага інспэктара міліцыі М. Дарогенскага. Дарэчы, пастанова ўтрымлівае досыць цынічную ў гэтым кантэксце фразу Літвіна, ў якой ён заяўляе, што прыніжаць чыйсьці гонар ці годнасьць не жадае.
Па камэнтар я зьвярнуўся да Алены Шабуні:
«Для нармальнага чалавека паводзіны гэтак званага блогера Дзмітрыя Літвіна, які можа выставіць у інтэрнэт песьню, што складаецца з амаль адных нецэнзурных словаў, абсалютна незразумелыя. Тут два варыянты: або чалавек не карыстаецца глуздамі, або выконвае нейчыя канкрэтныя загады, за выканэньне якіх яму абяцаная поўная беспакаранасць і абарона.
У выпадку зь Літвіным найхутчэй дзейнічае другі варыянт. Адсюль вынікаюць і паводзіны супрацоўнікаў міліцыі, якія ня бачаць адміністрацыйных парушэньняў, абразы людзей ды непрыхаванага распальваньня рэлігійнай варожасьці ў дачыненьні да каталікоў. Міліцыянты ні з кім з нас не пагутарылі нават па тэлефоне, а вось меркаваньне Літвіна выслухалі і прынялі, як дадзенасьць.
Было б цікава паглядзець на рэакцыю тых жа праваахоўнікаў, калі б на відэашэраг перамоваў Лукашэнкі і Пуціна паставілі той самы тэкст, дзе сустракаецца толькі некалькі літаратурных словаў для зьвязкі.
Апошнімі гадамі супрацоўнікі УУС кіруюцца не законамі, а сваімі меркаваньнямі, а гэтыя меркаваньні залежаць ад таго, што ім загадаюць: аштрафаваць ці пасадзіць. І караюць не крыўдзіцеляў, а пакрыўджаных. І такіх прыкладаў шмат».
С. Горкі