Ірына Захарава ўжо 28 гадоў жыве ў Віцебску і вядомая месьцічам як грамадзянка, якая актыўна выступае ў абарону інтарэсаў жыхароў свайго мікрараёну. Працоўную дзейнасьць у горадзе яна пачала з працы бухгальтарам ЖЭУ. Затым працавала галоўным бухгальтарам, вядучым бухгальтарам, кіраўніцай аддзелу разьліку і заработнай платы. Агулам мае 37 гадоў бухгальтарскага стажу.
Кажа Ірына Захарава:
– Ісьці ў дэпутаты мяне падштурхнуў клопат пра будучыню маладога пакаленьня, якое пры сёньняшнім стаўленьні ўлады да народу і яго сацыяльна-палітычных правоў ніякіх станоўчых пэрспэктыў на будучыню ня мае. Я – жанчына, я – маці, я баюся за будучыню дзяцей і ўнукаў. Я разумею, каб нечага дасягнуць, народ не павінен маўчаць. Таму такіх, як я, мусіць быць шмат. Я ўжо столькі ў жыцьці перажыла, што мяне нічога не напалохае.
На агітацыйным пляншэце патэнцыйная кандыдатка ў дэпутаты зьвяртае ўвагу выбарцаў на неабходнасьць кантролю над уладай і змушэньня яе служыць народу. Увага зьвернутая і на самае галоўнае: на гарадзкі бюджэт, разьмеркаваньне якога мусіць быць выключна празрыстым. “Што першаснае: адміністрацыйныя будынкі, на якія чамусьці заўжды знаходзяцца сродкі, ці паліклінікі, школы, дзіцячыя садкі?” – задаецца рытарычным пытаньнем кандыдатка ў дэпутаты.
Як адзначыла каардынатарка аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец, на пікеце ідзе таксама інфармаваньне грамадзянаў пра тое, чаго праз сваю сацыяльную дзейнасьць БХД ужо дамаглася ад уладаў у Віцебску. Гэта і мэдычная амбуляторыя ў Білеве, і будаўніцтва шпіталя ў мікрараёне Поўдзень-7, і роварныя дарожкі, ды шмат чаго іншага.
– Пад час пікету мы таксама зьбіраем подпісы і пад зваротам да ўладаў за празрыстасьць гарадзкога бюджэту. Літаральна сёньня я прачытала, што Віцебскі аблвыканкам зьбіраецца выдаткаваць на рамонт аднаго з будынкаў аблвыканкаму дзясяткі тысячаў даляраў. І гэта пры тым, што ўлады ўвесь час запэўніваюць грамадзкасьць у адсутнасьці сродкаў для будаўніцтва сацыяльна важных аб’ектаў. Зьвярніце ўвагу, мы адмыслова зрабілі на пляншэце два фотаздымкі. На адным – даўгабуд гінэкалягічнай паліклінікі радзільні №1, запусьціць у эксплёатацыю якую плянавалася яшчэ ў 2013 годзе. На другім – шматпавярховы адміністрацыйны будынак КДБ, які будуецца даволі хутка, у той час як надзённа патрэбныя аб’екты зьнікаюць з плянаў горадабудаўніцтва. На пікеце ў межах ініцыятывы “Жанчыны супраць фальсыфікацыяў” мы прапаноўваем выбаршчыкам адказаць для сябе на дзесяць пытаньняў, датычных сучаснай сацыяльна-палітычнай сытуацыі, якія дапамогуць лепей зразумець нашу пазыцыю.
Нягледзячы на тое, што пікетаваньні ў Віцебску – зьява надзвычай рэдкая, вялікай ўвагі да пікету гараджане не праяўлялі. Выбары ў мясцовыя саветы не карыстаюцца ў насельніцтва папулярнасьцю, бо ўлада прывучыла народ да таго, што дэпутаты ў краіне амаль нічога не вырашаюць і ні на што не ўплываюць.
https://vitebsk.dns.army/news/vybary/item/2595-pershy-peradvybarchy-piket-prajshou-u-vitsebsku#sigProIdc704312960
С. Горкі