Панядзелак, 28 Верасень 2015

Праваабаронцу Валеру Місьнікаву пагражае адміністрацыйнае пакараньне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

28 верасьня Валер Місьнікаў, якога спачатку ўключылі ў склад участковай выбарчай камісіі, а потым зь яе выключылі, быў выкліканы ў АУС Чыгуначнага раёну Віцебску. Начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі маёр Аляксандар Рыбакоў апытаў праваабаронцу, каб высьветліць, ці парушыў той артыкул 23.5 КаАП – абраза службовай асобы падчас выкананьня ёй службовых паўнамоцтваў.

Названы артыкул Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжвае накладаньне штрафу ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

Да разбору ў міліцэйскім пастарунку спрычыніўся рапарт памочніка пракурора Віцебску Сяргея Сініцкага, які сьцьвярджае, што падчас сустрэчы Валер Місьнікаў назваў яго «неадэкватам». Як мы паведамлялі раней, 10 верасьня Валер Місьнікаў насамрэч наведаў адмыслова створаную пры гарадзкой пракуратуры камісію па прававых пытаньнях, што паўстаюць у пэрыяд выбараў, дзе ў яго адбылася размова са спадаром Сініцкім, якую той інтэрпрэтаваў як абразлівую.

У гутарцы з маёрам Рыбаковым праваабаронца  агучыў сваё бачаньне справы і заявіў хадайніцтва наконт далучэньня да матэрыялаў разбору ксэракопіі тлумачэньняў словаў «адэкват» і «неадэкват», узятых са слоўніка Ожэгава. Таксама ён папрасіў далучыць і ксэракопію старонкі са слоўніка адміністрацыйных тэрмінаў, дзе тлумачыцца значэньне слова «абраза». Апроч таго, праваабаронца запатрабаваў правесьці лінгвістычную экспэртызу словаў на наяўнасьць у іх непрыстойнага значэньня.

Так, у прыватнасьці, у слоўніку Ожэгава слова  «неадэкват» пазначанае як кніжнае, і ў ім няма непрыстойнага значэньня, таму казаць пра абразу ніяк не выпадае. Як кажа віцебскі праваабаронца, чалавечых якасьцяў гэтым словам ён не прыніжаў, а даваў ацэнку прафэсіяналізму і юрыдычным ведам службовай асобы. Ён хацеў толькі сказаць, што супрацоўнік пракуратуры на той момант быў няздольны дакладна разумець сэнсу рускіх словаў і сэнс гэтых словаў ня мог суаднесьці зь юрыдычнымі тэрмінамі.

Паводле Валера Місьнікава, зь ягонага боку не было ніякай агрэсіі, ён не спрачаўся ў пракуратуры і рабіў усё, што яму казалі. Да таго ж ён нават імкнуўся наводзіць памочніка пракурора на розум, то бок каб той трымаўся сутнасьці выказаных у скарзе праваабаронцы прэтэнзіяў.

Як выказаўся Валер Місьнікаў, падчас распачатай адміністрацыйнай працэдуры ён паспрабуе хаця б трошкі навучыць пракурораў, судзьдзяў і ўсіх, хто лічыць, што літаратурныя словы, выказаныя ў адрас чыноўніка, нейкім чынам могуць яго абражаць, «не грузіць людзей пустой працай у той час, калі ў горадзе барацьба з арганізаванай злачыннасьцю далёка не завершаная».

У якасьці прэцэдэнту ён прывёў прыклад са свайго мінулага. Калісьці ён назваў судзьдзю Першамайскага суду Н. Гур'ян «маральна неахайным чалавекам» і «подлым судзьдзём». Была распачатая справа. Ён папрасіў правесьці лінгвістычную экспэртызу на наяўнасьць у гэтых выразах непрыстойнага зьместу. Навукоўцы, філёлягі далі заключэньне: «непрыстойны зьмест адсутнічае». Справу закрылі. Гэта было больш як дзесяць гадоў таму – вядома, цяпер часы іншыя і іншыя людзі. 

Напрыканцы размовы ў міліцыі Валер Місьнікаў выказаў маёру Рыбакову просьбу зрабіць ксэракопію матэрыялаў справы, якія маюцца ў ягоным распараджэньні, але той ухіліўся і сказаў, што тое будзе магчыма толькі пасьля завяршэньня разбору.

Віцебская вясна