Распачалася сустрэча з кніжнай прэзэнтацыі. Многія з прадстаўленых кнігаў Павал ужо прывозіў летась, калі знаёміў віцебчукоў зь першай часткай раману «Беларусалім». Дадаліся хіба што дзьве кнігі: «Падзейнік» – беларускамоўны хрысьціянскі штодзёньнік, і «Каменнае сэрца» – зборнік невялікіх эсэ, напісаных у беларускіх засьценках – на хіміі, у турме і «на сутках». «Каменнае сэрца» выйшла ў сэрыі «Беларуская турэмная літаратура» пры падтрымцы Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Прэзэнтаваўшы свае творы, палітык перайшоў да тэмы будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Калі адбудуцца гэтыя выбары, яшчэ дакладна не вядома. Але затое ўжо сталі вядомыя імёны некаторых палітыкаў, што жадаюць паўдзельнічаць у іх у якасьці магчымых кандыдатаў. Гэта Мікалай Статкевіч, Аляксей Янукевіч, таксама пра свае амбіцыі заяўлялі Вольга Кавалькова з аргкамітэту па стварэньні партыі БХД і дэпутатка парлямэнту Ганна Канапацкая.
Што тычыцца Паўла Севярынца, то ён спадзяецца атрымаць перамогу ў так званых праймэрыз і стаць адзіным кандыдатам адразу ад трох структураў – Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху «За свабоду» і аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Для гэтага яму трэба набраць больш за ўсіх галасоў і апярэдзіць канкурэнтаў, Мікалая Казлова ад АГП і Юрыя Губарэвіч ад руху «За свабоду» – на цяперашні момант менавіта такое кола прэтэндэнтаў, але з часам яно можа зьмяніцца. Як распавёў Павал, ў працэсе правядзеньня праймэрыз будуць арганізаваныя сустрэчы ва ўсіх буйных населеных пунктах краіны, падчас якіх жыхары рэгіёнаў змогуць прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата. Прагаласаваць можна будзе таксама і праз інтэрнэт, дзеля чаго створаць адпаведны сайт. Паводле Паўла, працэс галасаваньня і падліку галасоў будзе сумленны і абароненым ад фальшаваньня, дык што яму можна будзе давяраць у адрозьненьне ад тых вынікаў, якія абвяшчаюцца Ярмошынай. Затым павінен прайсьці дэмакратычны кангрэс, які і зацьвердзіць вынікі праймэрыз.
У выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Павал паабяцаў рэалізаваць праграму з 7 пунктаў:
- Вярнуць Канстытуцыю 1994 году – зрабіць моцны парлямэнт, абмежаваць уладу прэзыдэнта, стварыць балянс галінаў улады.
- Заснаваць часовы ўрад з розных дэмакратычных сілаў і прыцягнуць тых прафэсіяналаў, якія ня запэцкалі сябе рэпрэсіямі і іншымі злачынствамі дзейнага рэжыму. Гэты ўрад павінен будзе скараціць колькасьць чыноўнікаў, а тых, што застануцца, па магчымасьці замяніць на больш прыстойных і сумленных. Шукаць такіх людзей Павал прапануе ў царкоўным асяродзьдзі.
- «Даць свабоду народу» – скасаваць кантрактную сыстэму і розныя дэкрэты, у тым ліку дэкрэт аб дармаедах, вярнуць пэнсійны стаж, які быў незаконна забраны, і адмяніць іншыя законы, якія абмяжоўваюць свабоду беларусаў.
- Правесьці свабодныя парлямэнцкія выбары. Моцны парлямэнт, які ўтворыцца ў выніку такіх выбараў, будзе зацьвярджаць міністраў.
- Рэфармаваць судовую і праваахоўную сыстэмы. Неабходна стварыць незалежную судовую сыстэму, непадкантрольную чыноўнікам, а таксама скараціць колькасьць супрацоўнікаў міліцыі.
- Прыняць так званы закон Лінкальна аб карупцыі, у адпаведнасьці зь якім чалавек, што дапамагае выявіць факт карупцыі, атрымлівае 25% ад сумы скрадзенага. Гэта дапаможа больш эфэктыўна змагацца з карупцыяй.
- Правесьці рэформу мясцовага самакіраваньня. Трэба аддаць больш паўнамоцтваў і фінансаў на мясцовы ўзровень, што дапаможа больш эфэктыўна вырашаць мясцовыя праблемы. Акрамя таго, трэба памяняць тэрытарыяльны падзел краіны і перайсьці да паветаў.
Асобная частка сустрэчы была прысьвечаная адказам на пытаньні. Мясцовых актывістаў цікавіла ахова ў Курапатах, неабходнасьць мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю, стаўленьне грамадзтва да беларускай апазыцыі, пытаньні эканомікі і шмат чаго іншага.
Напрыканцы сустрэчы ўсе ахвотныя маглі ня толькі купіць літаратуру і атрымаць аўтограф аўтара, але нават зрабіць фотаздымак на памяць з магчымым будучым прэзыдэнтам.
https://vitebsk.dns.army/news/vybary/item/3059-paval-sevyarynets-raspavjou-vitsebchukam-shto-jon-zrobits-kali-stane-prezydentam#sigProId1c6f40a53a
Уладзімер Бяляўскі