Панядзелак, 05 Люты 2024

«Прыярытэтнасць кандыдатаў у дэпутаты» і іншая дэмагогія ў якасці перадвыбарчай агітацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская гарадская газета «Витебские вести» надрукавала меркаванне удзельніка камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Юрыя Дзеркача, які з'яўляецца і старшынём абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Галоўны пасыл ягоных выказванняў: «Все должны прийти на выборы и избрать достойных кандидатов». Але аргументацыя спадара Дзеркача не проста непереканаўчая – яна спрэс прасягнута дэмагогіяй, часам беспадстаўнай, а часам – проста бессэнсоўнай.

Юрый Дзеркач, прыкладам, разважае пра «прыярытэтнасць кандыдатаў у дэпутаты». Такога тэрміна вы не знойдзеце ў выбарчым заканадаўстве. Яго, відавочна, прыдумаў сам прафсаюзны кіраўнік, ён жа і патлумачыў, што мае на ўвазе: «Гэта адданасць дзяржаве, народу, высокі прафесіяналізм». Як тут не прыгадаць, што менавіта пад кіраўніцтвам Юрыя Дзеркача, які 2010-х гадах кіраваў абласным упраўленнем аховы здароўя, правялі «аптымізацыю» медычных устаноў, наступствы якой жыхары вобласці сення адчуваюць вельмі востра. Бо менавіта тады пачаліся праблемы з недахопам кадраў у паліклініках і змяншэннем колькасці саміх установаў аховы здароўя.

Сёння былы чыноўнік ад медыцыны кіруе прафсаюзамі, і з тым самым пафасам, з якім раней рапартаваў пра поспехі медычнага абслугоўвання на Віцебшчыне, цяпер выказваецца на палітычныя тэмы: «Як ніколі, у Рэспубліцы Беларусь намі створаны надзейны падмурак, які дае магчымасць для хуткага развіцця і значнага паляпшэння жыцця кожнага з нас».

«Нашы правы надзейна абаронены дзяржавай. Эканоміка эфектыўна развіваецца, і гэта адчувальна для нас. Рост рэальных заробкаў, павелічэнне пенсій , сацыяльных выплат. Нам даступныя адукацыя, медыцынская дапамога», -- такімі «заклёнамі» спадар Дзеркач спрабуе пераканаць жыхароў Віцебшчыны, якія цудоўна ведаюць, што за гэтымі словамі стаіць зусім іншая карціна.

Прафсаюзны кіраўнік «вяшчае» і пра то, што цяпер мае месца «высокая актыўнасць жыхароў нашага рэгіёна ў электаральнай кампаніі, у жаданні выбраць вартых людзей, якія будуць прадстаўляць іх інтарэсы ў Саветах усіх узроўняў і Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь». На чым грунтуюцца ягоныя высновы, Юрый Дзеркач не тлумачыць.

Падобна, у ягоным уяўленні існуе ўласная карціна свету, дзе «на тэрыторыяі іншых дзяржаваў ідуць вайсковыя дзеянні, а ў Беларусі, шмат у чым дзякуючы нашаму прэзідэнту, захаваны мір». У гэтай уяўнай краіне, якая існуе хіба што ў перадачах дзяржаўнага тэлебачання ды ў падобных дэмагагічных прамовах, «усё залежыць толькі ад нас, ад якаснай працы навукоўцы, лекара, настаўніка, рабочага на прадпрыемстве, прадстаўнікоў усіх галінаў улады. І сення ніхто з грамадзян нашай краіны не хоча згубіць мір, бяспеку, добра аплочваемую працу, сацыяльную абароненасць».

Здаецца, якраз цяпер, калі ў Беларусі людзей караюць за падпіскі ў інтэрнэце, калі з працы звальняюць толькі таму, што чалавек падтрымаў у 2020г. «не таго» кандыдата ў прэзідэнты, калі заробкі бальшыні беларусаў так і не дасягнулі даўно абяцаных «па 500» даляраў, а кошты ў крамах растуць штодня, і гэты рост не пакрывае сімвалічнае падвышэнне пенсій, падобная перадвыбарчая агітацыя выглядае смешнай. А для некаторых падобныя выказванні – адкрыты здзек, з людзей і са здаровага сэнсу. Таму эфект ад іх можа быць цалкам супрацьлеглы: калі жыхары Віцебшчыны і раней не праяўлялі актыўнага інтарэсу да выбараў, то цяпер страцяць яго канчаткова.

Антаніна Міронава