Аўторак, 06 Люты 2024

Настаўнікаў рыхтуюць да выбараў: яны пішуць дыктоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі гучна піяраць так званы Адзіны дзень галасавання не толькі ў дзяржаўных СМІ, але і на іншых пляцоўках. Прыдумляючы новыя мерапрыемствы пад піяр выбараў, часам нават даходзіць да абсурду.

Сайт шаркаўшчынскай раённай газеты “Кліч Радзімы” піша пра тое, што  настаўнікі сярэдняй школы №1 пасёлка прынялі ўдзел у анлайн-дыктоўцы, які прымеркаваны да Адзінага дня галасавання.

Бачна нават па здымках, што настаўнікі не з задавальненнем успрынялі гэтую ідэю, але што зробіш, трэба ж выконваць загад. А зараз небяспечна выказваць сваё меркаванне, ды і хто калі слухаў меркаванне тых жа настаўнікаў. Загадана – трэба рабіць, калі хочаш застацца працаваць у школе. Самыя бяспраўныя зараз у Беларусі, пэўна, настаўнікі.

“Удзельнікам загадзя раздалі спецыяльныя бланкі, куды трэба было запісаць правільныя адказы на 20 пытанняў, якія дыктавала вядучая. Удзельнікамі анлайн-дыктоўкі, прымеркаванай да Адзінага дня галасавання, сталі і педагогі сярэдняй школы № 1 г. п. Шаркаўшчына - члены Шаркаўшчынскага раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі "Белая Русь", - піша раёнка.

Вось толькі не паведамляецца, што гэта былі за пытанні. Мо які інструктаж пра тое, як трэба фальсіфікаваць выбары? Але гэтаму і так ужо навучаныя настаўнікі, тым больш што сёлета не зарэгістравана ні кандыдатаў ад апазіцыі, няма і сапраўдных незалежных назіральнікаў.

Усяго, паводле выдання, у анлайн-дыктоўцы, прымеркаваным да Адзінага дня галасавання, прыняло ўдзел больш за 150 чальцоў Віцебскага абласнога аддзялення праўладнай партыі «Белая Русь». А ініцыятарам правядзення мерапрыемства сталі чальцы гэтай партыі з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, у сценах якога і праводзілася дыктоўка як у вочным, так і анлайн-фармаце.

Мікола Зуеў