Праваабаронца Павал Левінаў паведаміў увечары 8 жніўня пра затрыманьне яшчэ трох незалежных назіральнікаў на выбарчым участку ў СШ №46 – Мікіты Астапава, Натальлі Нікіфаравай і Дар’і Дук. Іх павезьлі ў аддзяленьне міліцыі. Вінавацяць ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП).
У Браславе па тым жа артыкуле затрымалі назіральніка Валера Трашчынскага.
Таксама стала вядома, што ўвечары 8 жніўня быў затрыманы актывіст і незалежны назіральнік Аляксей Саламаненка. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Натальля. За ім прыяжджаў мікрааўтобус з амонаўцамі. Быў затрыманы проста падчас назіраньня.
Аляксандар Мацяюк перастаў выходзіць на сувязь увечары 7 жніўня. У гэты дзень ён разам зь іншымі сябрамі каманды Ціханоўскай знаходзіўся каля аддзяленьня міліцыі Віцебскага раёну, каб падтрымаць затрыманую раней актывістку Юлію Ўласенку і яе маці Алену Янушкоўскую. Пасьля трох гадзін чаканьня і атрыманай інфармацыі аб іх зьмяшчэньні ў ІЧУ, актывісты разьехаліся па дамах. Больш да Мацеюка ніхто не дазваніўся.
Інфармацыю пра тое, што Аляксандра Мацеюка да суду зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, удалося атрымаць ад службовых асобаў ІЧУ толькі ў суботу.
У віцебскім ІЧУ знаходзяцца зараз таксама віцебская блогерка Алена Янушкоўская і адміністратарка чату «Краіна для жыцьця» Юлія Барсукова.
Паводле віцебскіх праваабаронцаў у ІЧУ адмаўляюцца браць перадачы.
Дачка Алены Янушкоўскай Юлія Ўласенка, кінутая ўчора ў ІЧУ за заклік наведаць футбольны матч, была ўчора вызваленая з ізалятару па рэкамэндацыі лекараў хуткай дапамогі.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!