У сацыяльных сетках Леанід Гаравы заклікаў жыхароў Гарадка прыйсьці 14 жніўня на экалягічную акцыю і пакарміць птушак. Абяцаў, што адкажа на пытаньні, якія хвалююць людзей у сёньняшнім становішчы. Міліцыянты затрымалі Гаравога за дзьве гадзіны да пачатку акцыі.
Як распавядае ягоная жонка Тацяна, ніякага пікетаваньня ён не арганізоўваў, гэта была экалягічная акцыя. Людзі мусілі пакарміць птушак, але яго схапілі і закрылі на тры дні ў будынку міліцыі ў Гарадку.
Паводле жонкі Гаравога, яго не кармілі 22 гадзіны, і ў суботу вечарам яму стала дрэнна, бо актывіст хварэе на цукровы дыябэт. Узьняўся ўзровень цукру ў крыві і падскочыў ціск – міліцыянтам давялося выклікаць хуткую дапамогу. Пра стан здароўя мужа Тацяне ніхто не паведаміў.
Суд прайшоў у панядзелак у аддзяленьні міліцыі. З самай раніцы Тацяна Гаравая намагалася даведацца, дзе ён адбудзецца, але так і ня здолела нічога дазнацца. Суд прысудзіў яму трое содняў, якія ён ужо адседзеў.
“Лёня быў вельмі засмучаны, што яго не апраўдалі. Мы выйшлі зь ім на ганак, і яму зноў стала кепска. Выклікалі хуткую дапамогу. У рэанімацыю яго прывезьлі ў стане гіпаглікемічнай комы, ціск упаў да 85/50. Дай Божа, усё пройдзе, бо інсульт здарыўся ўжо ў больніцы. Стан здароўя стабілізаваўся”, – кажа Тацяна Гаравая.
Гарадоцкая больніца зараз на карантыне, таму наведацьактвіста ня можа нават жонка. Зычым калегу трываласьці і хуткага выздараўленьня!
С. Горкі