Чацвер, 15 Красавік 2021

Былога палітвязня Андрэя Новікава затрымалі: вярнуўся ў Беларусь, каб дапамагчы з хворым дзіцём

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Увечары 13 красавіка ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну быў затрыманы валанцёр «Краіны для жыцця» і былы палітвязень Андрэй Новікаў. Паводле жонкі Новікава, яму інкрымінуюць незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы (арт. 371 КК). У доме Новікавых прайшоў ператрус: канфіскавалі аргтэхніку і дакументы.

Па словах жонкі Андрэя Новікава Вольгі, ён прыехаў дадому, каб дапамагчы адвезці дзіця на лячэнне ў Менск.

«Нашае дзіця мае патрэбу ў шпіталізацыі, і такая сітуацыя склалася, што не было каму нас адвезці ў Менск. Натуральна, што на фоне ўсяго гэтага муж вельмі за нас перажываў. Таму і вярнуўся...» – расказала Вольга.

Яна выказала здагадку, што ў міліцыю пра вяртанне Андрэя паведаміў хтосьці з аднавяскоўцаў. Цяпер Андрэй знаходзіцца ў Пастаўскім РАУС.

Андрэй Новікаў быў актыўным удзельнікам мінулай прэзідэнцкай кампаніі, з'яўляўся валанцёрам каманды для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. У чэрвені 2020 году супраць яго была заведзеная крымінальная справа паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Андрэй Новікаў быў прызнаны палітвязнем, 7 месяцаў ён правёў у менскім СІЗА, пасля чаго яго дэпартавалі ў Расею і забаранілі ўязджаць у Беларусь на 10 гадоў. Але ў Беларусі ў яго засталася жонка і двое дзяцей, адзін з якіх мае інваліднасць.

Андрэй Новікаў нарадзіўся на Пастаўшчыне, але мае грамадзянства Расейскай Федэрацыі. У Расеі ён шмат гадоў працаваў у сілавых структурах, быў звольнены ў запас у званні падпалкоўніка. Апошнія гады, маючы від на жыхарства ў Беларусі, жыў у Пастаўскім раёне разам з сямʼёй.

Уладзімір Бяляўскі