«13 жніўня мінулага году Віктара асудзілі на 7 сутак за апублікаванне ў сацыяльных сетках фотаздымка вызваленага Віцебска. На ім савецкія салдаты разглядаюць трафейны сцяг са свастыкай. Барысенкава абвінавацілі ў прапагандзе нацысцкай сімволікі (ч. 1 арт. 19.10 КаАП), хаця ў судзе ён тлумачыў, што гэта сапраўднае архіўнае фота, і яно знаходзіцца ў вольным доступе на дзясятках сайтаў. Пазней ён спрабаваў аспрэчыць рашэнне рашэнне суду Кастрычніцкага раёна ў Віцебскім абласным судзе, але яму гэта не ўдалося. Сваім абурэннем судовымі пастановамі ён падзяліўся ў сацсетках, зноўку апублікаваўшы гістарычнае фота – маўляў, гэта ж не ён намаляваў той сцяг! За гэта па тым самым артыкуле яму прысудзілі яшчэ адзін арышт – ужо на 10 сутак», - распавяла крыніца.
Агулам Віктару Барысенкаву прысудзілі 17 сутак. 7 з іх ён адбыў яшчэ ўвосень. Астатнія 10 «адклалі» – як патлумачылі міліцыянты, яго «забяруць, калі будзе патрэбна». Падобна, што патрэба наспела якраз перад «рэферэндумам» 27-га лютага, бо якраз цяпер міліцыянты апасаюцца любых праяваў нязгоды з дзяржаўнай ідэалогіяй.
Віктар Барысенкаў – вядомая ў Віцебску асоба. Ён аўтар мастацкіх фотапраекцый, якія дазваляюць убачыць страчаныя помнікі архітэктуры, і гэтыя ягоныя працы неаднаразова экспанавалі на гарадскіх выставах. Таксама Віктар Барысенкаў мае некалькі грамат ад навучальных і культурніцкіх установаў, дзе ён чытаў лекцыі па гісторыі Віцебску. Але гэтыя заслугі краязнаўцы і калекцыянера суды не ўлічылі, калі каралі, па сутнасці, не за прапаганду нацысцкай сімволікі, а за адукацыйна-асветніцкую дзейнасць.
Феліцыян Красоўскі