Вядома, што абвінавачваюць Уладзіміра Мартава ў парушэнні артыкулу 24.23 КаАП. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
Як стала вядома, ягоная жонка Алена паехала 23 лютага да мужа ў Лепель, хацела перадаць яму лекі. Ён гіпертонік, і гэтыя лекі патрэбныя яму пастаянна. Аднак лекі перадаць не дазволілі.
«Сказалі, калі раптам вашаму мужу стане кепска, то выклічам хуткую дапамогу», – расказала Алена Мартава.
Да красавіка 2021 году Уладзімір Мартаў узначальваў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі віцебскай абласной лякарні хуткай дапамогі. Год таму яго звольнілі. Жыхары Віцебску збіралі подпісы з просьбай не звальняць лекара, аднак іх просьба не была пачутая.
У першую хвалю COVID-19 Мартаў публічна і шчыра расказваў пра сітуацыю ў сваёй лякарні — пра тое, што са сродкамі індывідуальнай абароны дапамагаюць пераважна валанцёры, а дзяржава пакінула медыкаў сам-насам з нявывучанай хваробай. Незадоўга да звальнення Мартаў таксама публічна расказаў пра адключэнні кіслароду ў БХМД у Віцебску, якія прывялі да сур'ёзных наступстваў для пацыентаў. Ён звяртаўся да Піневіча, але надзвычайнае здарэнне "замялі пад дыванок". А самога Мартава неўзабаве звольнілі.
Павел Птах