Судзьдзя Дубровенскага райсуду Марыя Цыклінская аштрафавала 10 студзеня мясцовую актывістку партыі «Народная Грамада» Натальлю Стрэльчанку на 25 базавых велічынь (675 рублёў) – за ўдзел у менскіх акцыях за незалежнасьць. Яна прызнаная вінаватай у правапарушэньні паводле ч.1 арт.23.34 КаАП.

Акцыя ў падтрымку незалежнасьці Беларусі адбылася ў Віцебску 29 сьнежня 2019 году. Цяпер на ўдзельнікаў пікету складаюць адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Даты некалькіх судоў ужо вядомыя.

У Чыгуначным судзе Віцебску 9 студзеня судзьдзя Юры Урбан палічыў даказаным факт адміністрацыйнага правапарушэньня, у якім абвінавачвалі Барыса Хамайду. Выйшаўшы на адзіночны пікет, грамадзкі актывіст парушыў парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Штраф – 30 базавых велічыняў.

Суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў 9 студзеня дзьве адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць актывісткі Тацяны Севярынец за ўдзел у акцыях ў Менску 20 і 21 сьнежня. Нягледзячы на тое, што самой актывісткі на паседжаньні не было, суд прызнаў яе вінаватай у правапарушэньні паводле арт. 23.34 і аштрафаваў на 60 базавых велічынь (па 30 б.в за кожную акцыю).

У чацьвер 9 студзеня суд Першамайскага раёну Віцебску мае разгледзець два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў дачыненьні да актывісткі БХД Тацяны Севярынец за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Актывістку будуць судзіць за ўдзел у акцыях за незалежнасьць, якія адбыліся 20 і 21 сьнежня ў Менску.

Аршанскі блогер Дзьмітрый Казлоў, больш вядомы як «Шэры кот», адбывае арышт у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) гораду Воршы. Яго асудзілі на «суткі» за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй (арт. 23.34 КаАП РБ). Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Эўрапейскай Беларусі».

Суд Віцебскага раёну 26 сьнежня пакараў мясцовага актывіста Аляксея Прохарава штрафам у памеры 5 базавых велічынь за рэпост «Укантакце» і Facebook. Судзьдзя палічыў, што ў паведамленьні ўтрымліваецца заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.

Віцябляніну Аляксею Прохараву паведамілі, што ў дачыненьні да яго распачатая адміністрацыйная справа за правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП РБ (Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Пратакол склалі супрацоўнікі аддзяленьня міліцыі Віцебскага раёну.

У пятніцу 13 сьнежня полацкі блогер Алесь Круткін, які адседзеў 15 сутак за рэпост у Фэйсбуку, выйшаў на волю. Міліцыянты адвезьлі яго ў іншы канец гораду – далей ад сяброў, якія чакалі яго вызваленьня каля цэнтральнага РАУС. Выпускаючы Круткіна, вельмі прасілі, каб ягоныя сябры ня ладзілі каля міліцыі «масавых мерапрыемстваў»…

У Воршы 2 сьнежня судзілі блогера Дзьмітрыя Казлова, вядомага як «Шэры Кот». Яго вінавацілі ў парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт.23.34). Судзьдзя суду Аршанскага раёну Кацярына Мажэйка палічыла віну даказанай і пакарала актывіста штрафам у памеры 20 базавых велічынь.