У Віцебскім аблвыканкаме створаная працоўная група для вызначэньня неабходных мер рэагаваньня на неабгрунтаваныя звароты грамадзян, што сыстэматычна накіроўваюцца ў аблвыканкам, паведамілі ў аддзеле па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкаму. У дачыненьні да 17 “хранічных” заяўнікаў на падставе пункту 1 артыкулу 21 (разгляд паўторных зваротаў) закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” прынятыя рашэньні аб спыненьні ліставаньня па выкладзеных у зваротах пытаньнях, у тым ліку з 9 грамадзянамі, якія сыстэматычна накіроўвалі такія звароты ў аблвыканкам і вышэйстаячыя дзяржаўныя ворганы.

Сябра нацыянальнай рады аргкамітэту БХД Уладзімер Сіманковіч у межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” сабраў 30 подпісаў пад скаргай у Віцебскі гарвыканкам. “У сувязі зь нездавальняючым станам падземнага пераходу па праспэкце Маскоўскім, скрыжаваньні з вуліцай Церашковай і вуліцай П. Броўкі, ініцыятыўная група грамадзян зьвяртаецца з просьбай аб садзейнічаньні гарадзкога выканаўчага камітэту ў рамонце ўсіх лесьвічных маршаў, якія вядуць да ўсіх выхадаў вышэйназванага аб’екту”, - гаворыцца ў скарзе.

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў падаў у Віцебскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне вулічнага шэсьця 10 сакавіка. Мэта меркаванай імпрэзы: публічна адсьвяткаваць 150-годзьдзе паўстаньня супраць царскай Расеі беларускіх патрыётаў на чале з нацыянальным героем Беларусі Кастусём Каліноўскім.

У Гарадку сябры аргкамітэту БХД у межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” дамагліся асьвятленьня вуліц. Як паведаміла актывістка Алена Дайнека, не было асьвятленьня на ўчастку вуліцы Баграмяна, за які адказнае кіраўніцтва мясцовага Аграрна-тэхнічнага каледжу. Адсутнасьць асьвятленьня спрычынілася да траўмаў у мінакоў. Да таго ж у цемры сталіся частымі бойкі паміж маладзёнамі. На ўсе звароты гарадчукоў наконт гэтага пытаньня кіраўніцтва каледжу заяўляла пра адсутнасьць лямпачак. Аднак, калі жыхары Гарадку сказалі, што зьвернуцца ў райвыканкам, лямпачкі адразу знайшліся, і сьвятло зьявілася.

Віцебская абласная канфэрэнцыя Беларускай партыі “Справядлівы сьвет” падтрымала прапанову аб удзеле ў бестэрміновай кампаніі “Дэпутатаў да адказу!”. У прынятым рашэньні ўсім сябрам партыі рэкамэндавана ўзяць на кантроль правядзеньне справаздач дэпутатаў перад выбаршчыкамі, запатрабаваць ад райвыканкамаў і рэдакцыяў мясцовых газэт апублікаваць зьвесткі пра памочнікаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савету Рэспублікі, больш актыўна выступаць супраць спробаў уладнай вэртыкалі ліквідаваць сельскія Саветы дэпутатаў...

УУС Віцебскага аблвыканкаму ладзіць праверку па факце скаргаў, што паступілі ад Максіма Гайкова, Тацьцяны Быкавай і Алега Квяцінскага ў адказ на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў падчас рэйду на ЛГБТ-вечарыну ў віцебскім клюбе «21 стагодзьдзе» ў ноч з 12 на 13 студзеня. Цяпер актывістаў пачалі выклікаць ва УУС у мэтах дачы тлумачэньняў па прад’яўленых імі скаргах ў пракуратуру.

Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Валер Місьнікаў ад імя прафсаюзнай арганізацыі зьвяртаўся да старшыні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да судзьдзі Чыгуначнага райсуду Віцебску Сьвятланы Варатынскай. Сьледчы камітэт ня стаў разглядаць заяву і выносіць працэсуальны дакумэнт, прадугледжаны КПК, а адказаў адпіскай, у якой начальнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзян С. Тухто паведаміў спадару Місьнікаву, што зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску завяршыўся разгляд грамадзянскай справы паводле пазову сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава супраць намесьніка гендырэктара УКВП «Віцебская гарадзкая ЖКГ» Вадзіма Ільінца. На думку палітыка, чыноўнік, не заключыўшы зь ім дамову на прыборку тэрыторыі пасьля правядзеньня меркаванага шэсьця і мітынгу, парушыў яго грамадзянскія і палітычныя правы ды прычыніў яму маральную шкоду. Судзьдзя Вікторыя Лешчанка пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды не задаволіла.

З прычыны штучных стэрэатыпаў наймальнікаў у Беларусі не забясьпечваецца роўнасьць правоў грамадзян у сфэры працы.

У Віцебску 21 лютага прайшоў суд над актывістамі аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксеем Кішчуком і Стасам Лаўрэнавым, якіх затрымалі 16 лютага падчас “Хвалі салідарнасьці”. Адвакат знайшоў у матэрыялах справы мноства працэсуальных парушэньняў, дапушчаных супрацоўнікамі міліцыі. У прыватнасьці, міліцыянты для “аб’ектыўнасьці” прыплялі да матэрыялаў справу жанчыну, якая нібыта была сьведкам затрыманьня, паведаміла віцебская каардынатарка БХД Тацьцяна Севярынец, якую за спробу сфатаграфаваць рэчавыя доказы выдалілі з залі суду.