Судовыя выканаўцы прыйшлі да Валянціны Крыштопенка разам з участковым. Паведамілі, што вымушаныя апісаць маёмасць, каб накласці на яе арышт, бо Валянціна своечасова не аплаціла штрафы, прысуджаныя ёй паводле арт. 23.34 КаАП.
Рэчы апісвалі ў прысутнасці дачкі Валянціны Святланы Шумаравай, якой належыць большая частка маёмасці ў кватэры. Спадарыні Святлане давялося даказваць гэта дакументальна. Тым не менш, судовыя выканаўцы арыштавалі набытыя Святланай тэлевізар Xiaomi і мікрахвалёвую печ Samsung. У пералік трапілі нават дэкаратыўны камін памерам з далонь і карціна, падораная Святлане на дзень народзінаў.
Як расказала Валянціна, выстаўлены выканаўцамі кошт тэхнікі значна не дацягвае да рынкавага. Гэтак, набыты колькі гадоў таму за 900 рублёў тэлевізар судовыя выканаўцы ацанілі на 150 рублёў. А мікрахвалёўку – усяго на 20 рублёў. Агульная сума апісанай маёмасці складае 615 рублёў.
Валянціну папярэдзілі, што найбліжэйшым часам ёй неабходна аплаціць гэтую суму – або рэчы будуць канфіскаваныя. Дзе знайсці такія грошы, Валянціна пакуль не ведае.
«У гэтай кватэры, акрамя мяне самой ды маіх дачкі з унучкай, мне нічога не належыць, як і сама кватэра прынамсі», – кажа Валянціна. Дадала, што родных у яе не можа адабраць ніводны суд свету.
Прычынай прыезду судовых выканаўцаў сталі неаплачаныя штрафы, прысуджаныя Валянціне Крыштопенка па артыкуле 23.34. Пенсіянерка застаецца вінная дзяржаве больш за 1600 рублёў. 8 сакавіка жанчыне блакавалі банкаўскую картку, каб спагнаць штрафы з пенсіі. Раней, у студзені 2021 году, у кватэры Валянціны адбыўся ператрус.
Растэрміноўку аплаты штрафаў у Віцебскім раённым судзе Валянціне не далі, нягледзячы на маленькі памер пенсіі і неабходнасць рэгулярна набываць лекі. Рашэнне прымаў суддзя Міхаіл Зубеня.
А. Радцэвіч