Справу Валянціны Крыштопенкі разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня.
Паводле міліцэйскага пратаколу, 24 снежня 2020 году жанчына, аказваецца, «узяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні»: «стаяла з плакатам «Когда господствует нечестивый, народ стенает» у розных месцах пасёлку». На думку супрацоўнікаў МУС, гэтым самым Крыштопенка і парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Міліцыянты сцвярджалі, што відэаролік, створаны на падставе фотаздымкаў, быў размешчаны абвінавачанай у тэлеграм-канале «Віцебск 97%».
Валянціна Крыштопенка сваёй віны не прызнала і заявіла, што ролік у «Тэлеграме» не размяшчала. На яе погляд, артыкул 23.34 быў ужыты да яе неправамерна. «Біблія ў Беларусі не забароненая!» – канстатавала яна на судзе. Больш ніякіх тлумачэнняў не давала.
Суддзя Міхаіл Зубеня, спаслаўшыся на ранейшыя паказанні жанчыны, прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1160 рублёў). Валянціна Крыштопенка мае інваліднасць 1-й групы і жыве з пенсіі.
Нагадаем, на самым пачатку 2021 году (3 студзеня) у кватэры Валянціны Крыштопенкі міліцыянты правялі ператрус, у выніку якога канфіскавалі плакат з біблійнай цытатай і два тэлефоны.
Валянціну Крыштопенку ўжо тройчы судзілі летась паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пратэставых акцыях. Першы раз папярэдзілі, другі раз аштрафавалі на 7 базавых велічынь, трэці раз – на 25 базавых. Новы штраф (40 б.в.) – амаль максімальны.
Зміцер Міраш