Анатоля Каханчыка з вёскі Алешча, што за 30 кіламетраў ад Полацку, затрымалі ўвечары 9 лютага. На яго склалі пратакол паводле традыцыйнага «народнага» артыкула 23.34 КаАП – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Масавым мерапрыемствам палічылі тое, што частка ягонага дому пафарбаваная ў колеры нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.
Анатоля Каханчыка некалькі дзён правёў у ІЧУ. А 11 лютага суддзя суда Полацкага раёну і Полацку Уладзімір Бясецкі асудзіў сп. Анатоля на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Актывіст Мікола Шарах паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбук», што сябра Свабоднага прафсаюзу Анатоля Каханчыка пакаралі 7 суткамі зняволення «за прыгожа пафарбаваную хату».
Спадар Анатоль Каханчык працуе на чыгунцы. Ягоная хата добра бачная пасажырам цягнікоў, якія праязджаюць паўз яе.