Кіру Кісялёву судзіў суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч за адміністрацыйнае правапарушэнне па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП за тое, што яна ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники” размясціла сюжэт тэлеканала “Белсат”, прадукцыя якога ўключаная ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Згодна пастанове суда, падчас судовага пасяджэння жанчына віну прызнала.
Суддзя Андрэй Тарасевіч пакараў глыбачанку штрафам памерам 25 базавых велічынь, што складае 925 рублёў з часовым арыштам сродка ўчынення названага парушэння - мабільнага тэлефона. Амаль праз месяц тэлефон ёй аддалі.
Кіра Кісялёва падавала скаргу на прысуд Суда Глыбоцкага раёна ў Віцебскі абласны суд, але суддзя Святлана Іванова 9 красавіка яе скаргу не задаволіла і пакінула пастанову Глыбоцкага суда ў сіле. І, як даведалася пазней жанчына, аказваецца яе судзілі па частцы 1 артыкула 24.23 ч. (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а не па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі), як напісана ў пастанове Глыбоцкага суда.
І хоць жанчыну гэта вельмі здзівіла, але ў дадзеным выпадку мала што мяняецца – штраф усё адно трэба выплачваць.
Сяргей Азёрны