Субота, 01 Сакавік 2025

У Оршы на гэтым тыдні 5 разоў судзілі за “распаўсюд экстрэмізму”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У два апошнія дні лютага ў аршанскім судзе па ч.2 арт.19.11 КаАП  судзілі 5 чалавек. Іх справы разбірала адна й тая самая суддзя Юлія Вяршыніна - менавіта яна найчасцей разглядае палітычна матываваныя справы - прычым як адміністрацыйныя, так і крымінальныя.

Так, 27 лютага у судзе Оршы і Аршанскага раёна за распаўсюд экстрэмізму ў сацыяльных сутках  судзілі Васіля Шыцікава, Васіля Парфененку і Аляксея Сукорскага. Апошнягя - 26-гадовага аршанца -  па ч.2 арт.19.11 КаАП судзілі і раней. 9 лютага  яго справу  разбірала тая ж суддзя Юлія Вяршыніна. Тады яна пастанавіла пакараць аршанца арыштам на 7 сутак.

Аляксей Сукорскі вядомы ў асяродку аршанскіх футбольных фанатаў. Пад увагу сілавых структур хлопец трапіў яшчэ ў 2018 годзе. Тады падставай для судовага разбору стаўся інцыдэнт, які здарыўся на аршанскім стадыёне падчас матчу паміж футбольнымі камандамі Оршы і Ліды. Дзяжурныя міліцыянты заўважылі на шапцы Аляксея Сукорскага нашыўку з надпісам «A.C.A.B.». Яны вырашылі, што гэтая абрэвіятура — скарочаны абразлівы выраз на адрас «калег» («All Cops Are Bastards» у перакладзе азначае «Усе копы — вырадкі»). Аляксея Сукорскага затрымалі. У яго дома правялі ператрус, а потым судзілі. У выніку хлопец двое сутак правёў пад вартай, а судовы разбор скончыўся штрафам за непадпарадкаванне міліцыянтам – яны сцвярджалі, што падчас затрымання Сукорскі хацеў ад іх уцячы...

28 лютага за распаўсюд экстрэмізму ў сацсетках  судзілі Крысціну Канееву і Вольгу Дзячэнка.

Якім чынам суддзя Юлія Вяршыніна пакарала сваіх землякоў і зямлячак, пакуль не вядома.

Ігар Нікіцін