— Сэрца чалавека не павінна камянець. Дапамагаючы адно аднаму, людзі праяўляюць дабрыню сваёй душы і самі становяцца лепш, — так патлумачыла сутнасьць высакароднага пачыну дырэктарка клюбу Тацьцяна Пахоменка.
Ужо другі год запар штомесяц «Жывое захапленьне» ладзіць бясплатныя катаньні на конях для дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі. Зносіны з гэтымі высакароднымі жывёламі ня толькі дастаўляюць масу пазытыўных эмоцыяў, але і умацоўваюць здароўе. Бо лячэбны эфэкт верхавой язды пацьверджаны дасьледаваньнямі. Пад яе ўплывам у дзіцяці трэніруюцца цягліцы, выпраўляецца пастава, паляпшаюцца каардынацыя рухаў і псыхаэмацыйны стан. Кіруючы вялікай грацыёзнай жывёлінай, дзеці вучацца сабранасьці, пераадольваюць страх і знаходзяць упэўненасьць у сваіх сілах. Роля вершніка для іх — падстава для гонару. Асабліва ўсё гэта актуальна для тых, хто пакутуе на розныя захворваньні. Конны клюб пасьпяхова супрацоўнічае з асацыяцыяй бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і грамадзкай арганізацыяй «Дрэва жыцьця».
Гэтым разам пакатацца верхам на кані і ў брычцы з фурманам уздоўж Ніжнепакроўскай вуліцы змаглі выхаванцы Полацкага сацыяльнага прытулку і Наваполацкага дзіцячага дому. Пасьля дзяўчынкі і хлопчыкі наведалі Дзіцячы музэй. Навуковы супрацоўнік Тацьцяна Сьмірнова захапіла іх у сьвет дзіўных фантазіяў, запрасіла паўдзельнічаць у гульнях і экспэрымэнтах.
— Нашы дзеці, — сказала выхавальніца Полацкага сацыяльнага прытулку Анжаліка Сыцевіч, — вельмі любяць бываць у «Жывым захапленьні», дзе для іх арганізоўваюць цікавыя праграмы, зімой ладзяць чаяваньні з прысмакамі. Вялікі дзякуй клюбу за падтрымку і клопат.
Верхавой язьдзе ў клюбе навучаюць з 11 гадоў, катаюць дзяцей з 3 гадоў. Апроч гэтага, арганізуюць конныя вандроўкі ў лес і поле, ладзяць паказальныя выступленьні, удзельнічаюць у вясельных урачыстасьцях і карпаратывах.
Цяпер у «Жывым захапленьні» працуюць чатыры супрацоўнікі, але даглядаць за жывёламі ім дапамагаюць шматлікія валянтэры. Бацькі прыводзяць сваіх дзяцей у клюб, каб разнастаіць іх вольны час, адцягнуць ад кампутараў, выхаваць добрыя адносіны да навакольнага сьвету.
Крыніца: Витебские вести