Пятніца, 04 Красавік 2014

Палачане пратэстуюць супраць пабудовы новай крамы (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары шматкватэрнага дому № 33 па вуліцы Кастрычніцкай у Полацку 2 красавіка пратэставалі супраць пабудовы ў двары іхнага дому крамы бытавой хіміі. Сход па скарзе жыхароў ладзілі прадстаўнікі райвыканкаму. На сходзе жыхароў прысутнічаў і прадпрымальнік, які будуе краму. Пакуль будаўніцтва прыпынілі ўлады Полацку.

Як звычайна, перад будаўніцтвам крамы ў двары дому забыліся спытаць саміх жыхароў наконт іх згоды. Як распавядалі прадстаўнікі мясцовай улады, дазвол на будаваньне крамы быў атрыманы яшчэ ад колішняга старшыні гарвыканкаму.

Для жыхароў будоўля стала нечаканасьцю. Будаўнікі выкарчавалі частку насаджэньняў кустоўя, якія былі пасаджаныя жыхарамі. Жыхары дому № 33 зараз жа накіравалі калектыўную скаргу ў райвыканкам, а таксама зьвярнуліся ў грамадзкія арганізацыі і да дэпутатаў па падтрымку.

З боку сход нагадвала мітынг. Прысутнічала каля 20 чалавек з двух шматкватэрных дамоў, паміж якімі будуецца крама. Жыхары скардзіліся на нязручны час для сходу, многія знаходзіліся на працы. Ад райвыканкаму прыйшлі намесьнік старшыні райвыканкаму па архітэктуры і будаўніцтве – Аляксандар Міхалевіч і кiраўнiк спраў Сяргей Труханоў.

Практычна ўсе жыхары выказалі сваю нязгоду з будаўніцтвам і абгрунтавалі гэтую нязгоду адсутнасьцю неабходнасьці ў яшчэ адной краме. Побач знаходзяцца два буйных супермаркеты, гарадзкі рынак і дзьве крамы бытавой хіміі і касмэтыкі. Апроч таго, лічаць яны, двор – гэта ня тое месца, дзе трэба будаваць крамы: у двары адсутнічае дзіцячая пляцоўка і ня заасфальтаваныя ўсе сьцежкі.

Спадар Міхалевіч запэўніў жыхароў, што будоўля прыпыненая да прыняцьця рашэньня па скарзе, хоць будаўнікі ўжо паставілі зялезны каркас для сьцен і даху.

Аднак палачан гэта не супакоіла, грамадзяне падалі заяўку ў райвыканкам на правядзеньне пікету пратэсту ў двары дому на 19 красавіка. На сходзе зьбіралі подпісы на аркушы паперы галасаваньня: хто «За», хто «Супраць». На блянку галасаваньня зьявіўся толькі адзін подпіс «За», астатнія каля 20 чалавек выказаліся супраць будаўніцтва.

Жыхары дому № 33 рыхтуюць скаргу старшыню аблвыканкаму Аляксандру Косінцу і гатовыя сабраць да 400 подпісаў.

dyjalog.info