“Дзяржаўная ўстанова аховы здароўя “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка” на мой ліст аб заключэньні дамовы адказала адмовай. Гэтую адмову лічу незаконнай і неабгрунтаванай. Для мірнага ўрэгуляваньня праблемы заключэньня дамовы на мэдычнае абслугоўваньне масавага мерапрыемства я зьвярнуўся з заявай у Віцебскі гарвыканкам, але пасьля зносін маіх прадстаўнікоў з кіраўніцтвам адказчыка зразумеў, што без звароту ў суд пытаньне ня вырашыш”, - піша ў заяве у суд Хрыстафор Жаляпаў.
Каардынатар Руху “За Свабоду” Віцебскай вобласьці мяркуе, што адмова ў заключэньні публічнай дамовы на мэдычнае абслугоўваньне масавага мерапрыемства грамадзян парушае канстытуцыйныя правы на свабоду масавых мерапрыемстваў. Хрыстафор Жаляпаў просіць суд прыняць рашэньне аб прымусе адказчыка - дзяржаўнай установы аховы здароўя “Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка” заключыць зь ім дамову на мэдычнае абслугоўваньне падчас меркаванага мітынгу ў віцебскім парку 30-годзьдзя ВЛКСМ 25 сакавіка 2013 году.