Субота, 02 Чэрвень 2018

#FreeSentsov. Віцебчукі далучыліся да сусьветнай акцыі ў падтрымку ўкраінскага рэжысэра

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
#FreeSentsov #FreeSentsov выява: https://fakty.ictv.ua

Акцыі ў падтрымку вязьня Алега Сянцова, які з 14 траўня галадае ў расейскай папраўчай калёніі «Белы мядзьведзь» у горадзе Лабытнангі (Ямала-Нянецкая аўтаномная акруга), праходзяць 1 і 2 чэрвеня ва ўсім сьвеце. Не засталіся ўбаку і жыхары Віцебску.

Каб падтрымаць Сянцова і іншых палітычных зьняволеных з Украіны, што апынуліся ў вязьніцах Расеі і акупаванага Крыму, віцебскія праваабаронцы, грамадзкія актывісты ды журналісты зрабілі свае фота з хэштэгам #FreeSentsov.

Выказаць салідарнасьць і падтрымку галадоўніку – не адзіная мэта акцыі. «Мы таксама хочам прадэманстраваць ураду Расеі нашу занепакоенасьць лёсам украінскіх актывістаў, зьмешчаных за краты, – кажа адзін з удзельнікаў акцыі праваабаронца Леанід Сьвецік. – Рашэньні расейскіх судоў датычна Алега Сянцова і многіх іншых украінскіх грамадзян былі палітычна матываванымі. Яны апынуліся ў няволі праз свае грамадзкія погляды. Мы спадзяёмся, што гэтая акцыя падштурхне расейскі ўрад зьмяніць сваю пазыцыю, што да ўкраінскіх палітвязьняў, у выніку іх крымінальныя справы будуць перагледжаныя, і яны выйдуць на волю».

Паводле ўкраінскага Мін'юсту, у лютым 2018 году ў Расейскай Фэдэрацыі і ў Крыму знаходзілася сама меней 64 украінцы, чый арышт быў палітычна матываваным. З таго часу гэтая колькасьць павялічылася, бо затрыманьні і арышты на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны працягваюцца. Менавіта вызваленьне ўсіх украінскіх грамадзян – вязьняў Крамля ставіцца Алегам Сянцовым як умова спыненьня ім галадоўкі. Пры гэтым уласнага вызваленьня ўкраінскі рэжысэр, затрыманы ў 2014 годзе ў Сімфэропалі і асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня, не патрабуе.

Кастусь Дзьвінскі