«Нам даводзіцца зьвяртацца ўжо да Вас, каб не дапусьціць разбурэньня сьвятыні. Гаворка ідзе пра помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, былы жылы будынак Аршанскага базылянскага кляштару, дзе пазьней разьмяшчаўся Сьвята-Пакроўскі праваслаўны мужчынскі манастыр і Аршанскае духоўнае вучылішча. Вас, магчыма, знаёмілі ўжо раней з гэтай праблемай: у кастрычніку 2013 году мы атрымалі адказ на наш ліст да Мітрапаліта Менскага і Слуцкага, Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, зь якога вынікала, што наш ліст быў накіраваны Вам. На жаль, тады мы так і не дачакаліся ад Вас адказу. Але самае прыкрае, што мы не дачакаліся і дзеяньняў», — гаворыцца ў лісьце.
«Гэты будынак – прадмет мастацтва і памяць пра нашу гісторыю. Ён ёсьць фактычна напамінам пра лепшыя якасьці і здольнасьці нашых продкаў. Нарэшце, гэты будынак – пасланец вечнасьці, які сваім існаваньнем сьцьвярджае вечныя каштоўнасьці. Ён ня можа належыць аднаму чалавеку ці групе людзей, як мог бы належыць любы іншы будынак ці матэрыяльны аб’ект. Гэты будынак – агульнацыянальная каштоўнасьць. Фактычна ён належыць усёй беларускай нацыі, усім яе прадстаўнікам, якія жывуць у Беларусі цяпер, жылі да нас, і будуць жыць пасьля нас. Валоданьне такім будынкам – гэта грамадзкая місія, якая накладае на ўладальніка дужа сур’ёзныя абавязкі. Цяперашні паўразбураны стан гэтага будынку, такім чынам, падрывае тыя асновы, на якіх трымаецца Вашая царква, фактычна абвяргае тое, пра што гаворыцца з амбонаў, штодня пярэчыць факту існаваньня праваслаўнай царквы як аб’яднаньня людзей на аснове прыярытэту духоўных каштоўнасьцяў», — пішуць аршанскія краязнаўцы і актывісты.
Прадстаўнікоў грамадзкасьці гораду абурае, што канструктыўнага адказу ім не ўдалося атрымаць ні на адзін са сваіх ранейшых лістоў, у якія б інстанцыі яны ні зьвярталіся. Адусюль ім пішуць толькі пра адно: за стан гістарычнага будынку адказвае гаспадар, адпаведна – Віцебская эпархія праваслаўнай царквы.
Аршанцы і многія неабыякавыя людзі зь іншых гарадоў спрабавалі дапамагчы ў справе кансэрвацыі будынку – ахвяравалі грошы на тое, каб над базыльянскім кляштарам узьвялі хаця б часовы дах. Аднак сканчваецца чарговы будаўнічы сэзон, неўзабаве пачнуцца восеньскія дажджы, а пра лёс сабраных грошай нічога не вядома, гаворыцца ў лісьце: «Нават стварэньне дабрачыннага рахунку скончылася непаразуменьнем. Пры агучаных раней немалых сабраных на ім сродках страчаны яшчэ адзін будаўнічы сэзон, на працягу якога можна было хаця б накрыць будынак часовым дахам. Між тым, у лісьце, падпісаным «адказнымі за адраджэньне Сьвята-Пакроўскага манастыра ў Воршы» ігуменьняй Анфісай (Любчак) і манахіняй Даніілай (Цяцьковай), было чорным па белым напісана, што працы будуць распачатыя ў красавіку. І мы не разумеем, чаму па ўсім горадзе растаўленыя скарбонкі, сродкі зьбіраюцца таксама падчас публічных мерапрыемстваў, арганізаваных праваслаўнай царквой, але гэтыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва новых храмаў, у той час калі перададзеныя вашай царкве помнікі архітэктуры дзесяцігодзьдзямі не рамантуюцца і разбураюцца».
Аўтары ліста нагадваюць, што жыхарам і ўраджэнцам Воршы не ўпершыню даводзіцца займацца выратаваньнем помнікаў гісторыі і культуры. Многія пачыналі гэтую дзейнасьць яшчэ падчас перабудовы, калі краінаю кіравала палітычная сіла, што ставіла сабе за мэту змаганьне з рэлігіяй і зьнішчэньне любых напамінаў пра яе. Дзякуючы грамадзкай суполцы «Повязь» у 1980-я гады ў Воршы ўдалося захаваць і выратаваць ад разбурэньня цэлы шэраг культавых архітэктурных помнікаў. У тагачаснай сытуацыі актывісты не маглі абаперціся на падтрымку царквы, але з таго часу многія храмы павяртаныя вернікам. Чаму ж так «не пашанцавала» будынку кляштару базальянаў, які цяперашнія гаспадары чамусьці не ўспрымаюць за гістарычную каштоўнасьць, занесеную ў сьпіс помнікаў архітэктуры і гісторыі рэспубліканскага значэньня, а зводзяць да простай «нерухомай маёмасьці», якую дазваляюць сабе трымаць у паўразбураным стане?
Крыніца: Оршатут.бай