З адпаведным патрабаваньнем праваабаронца зьвярнуўся ў аддзел унутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску яшчэ на пачатку верасьня бягучага году. І вось надоечы стала вядома: участковы інспэктар АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску старшы лейтэнант міліцыі В. Пагарэльскі пастанавіў – справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да расейскага выданьня спыніць. Сваё рашэньне Пагарэльскі абгрунтаваў адказам намесьніка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Лапцёнка ад 16 чэрвеня 2009 г., зь якога вынікае, што адмененая працэдура выдачы дазволаў для распаўсюду расейскіх пэрыядычных выданьняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Аднак, як лічыць праваабаронца, участковы інспэктар вынес пастанову, якая не грунтуецца на дзейным заканадаўстве. Свае довады Левінаў строіць на падставе судовых рашэньняў, вынесеных апошнімі гадамі ў дачыненьні да рэдакцыі і супрацоўнікаў газэты « Віцебскі кур’ер», якая таксама зарэгістраваная ў Расеі.
Так, 4 траўня 2010 году судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Валянціна Кісьмярошкіна разгледзела справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да Віктара Рамнёва, якая паступіла ад начальніка АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску. Віцебскі актывіст перавозіў у легкавіку 56 асобнікаў расейскага пэрыядычнага выданьня – газэты «Віцебскі кур’ер» і быў прыцягнуты за гэта да адказнасьці на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Судовая пастанова, вынесеная судзьдзёй Кісьмерошкінай, абвяшчала: «Паводле адношаньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.04.2010 году прадукцыя замежнага сродку масавай інфармацыі можа быць распаўсюджаная ў Рэспубліцы Беларусь на падставе атрыманьня дазволу ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з п.5 арт.17 Закону Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2008 году “Аб сродках масавай інфармацыі”. У цяперашні час распрацаванае палажэньне аб парадку выдачы дазволу на распаўсюд прадукцыі замежнага сродку масавай інфармацыі».
Згаданая пастанова суду была абскарджаная, і судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова пацьвердзіла законнасьць пастановы судзьдзі Кісьмярошкінай аб прыцягненьні Рамнёва да адміністрацыйнай адказнасьці, адзначыўшы, што «дазволу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь на распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь газэты “Віцебскі кур’ер”, зарэгістраванай на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, Рамнёў В.А. ня мае».
Прызнаў справядлівым прыцягненьне Віктара Рамнёва да адміністрацыйнай адказнасьці і намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Валер Калінковіч, паколькі «дазвол Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь на распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь газэты “Віцебскі кур’ер”, зарэгістраванай на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі Рэмнеў В.А. ня мае, што пацьвярджаецца лістом Міністэрства інфармацыі №03-03/2698 ад 10 лістапада 2010 г.».
Названы факт прыцягненьня распаўсюдніка газэты «Віцебскі кур’ер» не зьяўляецца адзінкавым. У кастрычніку 2012 году судзьдзёй суду Першамайскага раёну Віцебску Натальляй Караблінай за распаўсюд 241 асобніка газэты «Віцебскі кур’ер» быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці Міхаіл Жураўлёў. Справа Жураўлёва была прынятая ў вытворчасьць па прадстаўленьні начальніка АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.
У пастанове судзьдзя Карабліна адзначыла: «Газэта “Віцебскі кур’ер” зарэгістраваная на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і дазволу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь на распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь гэтай газэты ня маецца». І касацыйная, і наглядныя судовыя інстанцыі, і нават пракурор гораду Віцебску пацьвердзілі законнасьць адміністрацыйнага пакараньня грамадзяніна Жураўлёва.
На думку Паўла Левінава, факты перасьледу распаўсюджвальнікаў газэты «Віцебскі кур’ер» наўпрост сьведчаць пра яе дыскрымінацыю, а таксама пра выбарачнасьць прымяненьня дзейнага заканадаўства ў дачыненьні да парушальнікаў закону аб СМІ. Бо наконт распаўсюду адных замежных сродкаў масавай інфармацыі (газэта «Віцебскі кур’ер») начальнік АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску згаджаецца з накіраваньнем справы аб адміністрацыйным правапарушэньні ў суд, а ў дачыненьні да другіх (газэта «Аптечка Еламеда») – пры аналягічных прыкметах парушэньня закону – згаджаецца з пастановай пра спыненьне справы.
Пры такіх акалічнасьцях, мяркуе праваабаронца Павал Левінаў, пастанова пра спыненьне справы аб адміністрацыйным правапарушэньні (незаконны распаўсюд газэты «Аптечка Еламеда») падлягае адмене, і справа павінна быць даведзеная да суду.