У нашай краіне шматдзетныя сем’і маюць права на льготы пры будаўніцтве ці набыцьці жытла. Аднак у рэчаіснасьці праз разнастайныя абставіны скарыстацца з гэтага прывілею атрымліваецца не заўжды.
Летась у траўні старэйшы сын Валянціны Вальтэр дасягнуў васямнаццацігадовага ўзросту, і таму згодна з законам яна страціла права на льготнае крэдытаваньне. Калі б на той час жанчына стаяла ў чарзе на будаваньне кватэры, то льготы былі б захаваныя да 23-гадовага ўзросту сына, то бок працягнутыя на пяць гадоў.
З пункту гледжаньня фармальнага права выключэньне са сьпісаў нібыта адбылося на законных падставах. У гэтым пераконваюць і раённыя чыноўнікі. Загадзя, праўда, Валянціну Валянцінаўну пра гэта ніхто не папярэдзіў. Больш таго, яе імя не было выкрасьленае са сьпісаў на крэдытаваньне, якія былі перададзеныя ў банк.
Як распавядае грамадзянка, у лістападзе 2009 году Ноўкінскі сельскі выканаўчы камітэт прапаноўваў ёй узяць удзел у будаўніцтве жылога памяшканьня ў 40-кватэрным жылым доме. Заахвочваў пабудаваць аднапакаёвую кватэру. Але тады цяжарная трэцім дзіцем жанчына напісала пісьмовую адмову, бо пасьля нараджэньня сына станавілася шматдзетнай маці і набывала права на льготнае крэдытаваньне пры будаваньні жытла.
З таго часу шматкватэрныя дамы ў Ноўцы больш не будаваліся, таму ў 2011 годзе спадарыні Валянціне прапанавалі пабудаваць кватэру ў іншым населеным пункце раёну. Гэткім чынам яна трапіла ў сьпісы забудоўшчыкаў суседняга сельскага савету – Акцябрскага. Сям’я спадзявалася пабудаваць трохпакаёвую кватэру, але раптам спынілася крэдытаваньне. Будоўля была замарожаная. На працягу пяці гадоў раённыя чыноўнікі пераконвалі, што ніякага будаўніцтва ў найбліжэйшай пэрспэктыве не плянуецца.
У выніку Валянціна Валянцінаўна пачала шукаць іншыя спосабы вырашэньня кватэрнага пытаньня. З другой спробы ёй удалося прапісацца ў Віцебску. Аднак час быў страчаны, сыну споўнілася васямнаццаць, і сям’я згубіла ўсе льготы. Станавіцца ж у чаргу на агульных умовах пры сёньняшняй эканамічнай сытуацыі, на думку шматдзетнай маці, ня мела сэнсу.
У 2015 годзе аднавілася крэдытаваньне 60-кватэрнага жылога дому ў аграгарадку Акцябрскі, але прозьвішча Валянціны Вальтэр зьнікла са сьпісаў дольнікаў. Як было патлумачана, выключэньне са сьпісаў адбылося ў сувязі з тым, што зьявіліся грамадзяне, зарэгістраваныя на тэрыторыі Акцябрскага сельскага выканаўчага камітэту, якія пажадалі ўзяць удзел у будаўніцтве. Ніякага афіцыйнага рашэньня пра яе выключэньне са сьпісаў жанчыне не паказалі.
Валянціна Вальтэр паспрабавала была паскардзіцца ў Віцебскі райвыканкам. Але ў адказ ёй паведамілі, што ніякага парушэньня з выключэньнем яе са сьпісаў няма, а, наадварот, у гэтыя сьпісы яе ня мелі права ўключаць: «ЖБСК «Надзейнае жытло а.г. Акцябрскі» пры адсутнасьці адпаведнага рашэньня мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў ня мае права прымаць рашэньне, датычнае прыёму грамадзян у сябры каапэратыву. Вы былі прынятыя ў сябры каапэратыву рашэньнем агульнага сходу арганізацыяй забудоўшчыка без прыняцьця адпаведнага рашэньня мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і выкананьня чарговасьці пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў».
Кажа спадарыня Валянціна:
– Не па маёй віне было замаруджанае будаўніцтва, а дзеці ж растуць. За 6 гадоў мне так і ня далі скарыстацца правам на будаваньне жытла на льготных умовах. Увесь гэты час сям’я жыла надзеяй на ўласную кватэру. І таму цяпер вельмі крыўдна. Калі я наведвала райвыканкам, сярод усіх чаргавікоў акцябрскага дому я была адзінай шматдзетнай маці. Чыноўнікі нават абяцалі вызваліць мяне ад першасных выдаткаў, неабходных для пабудовы падмурку. Хаця я і не адмаўлялася ад гэтых выплатаў.
Я ж не была безыніцыятыўнай. Мы нават паспрабавалі зарэгістравацца ў Віцебску, знайшлі дом, але мяне не зарэгістравалі. Хаця, як па мне, чыноўнікі ў гэтым выпадку дзейнічалі неправамоцна. Мяне абвінавацілі ў тым, што я не пражываю ў доме, хаця эпізадычна я там знаходзілася. Паверылі мясцоваму ўчастковаму, які заявіў, што на працягу пяці месяцаў там ніхто не пражываў. Калі б мне ўдалося стаць у чаргу на атрыманьне жытла ў горадзе зь першага разу, я ўжо мела б кватэру. Урэшце, мы прапісаліся ў горадзе – у іншым месцы, але спазьніліся – сыну споўнілася васямнаццаць.
Цяпер вымушаныя пачынаць усё з нуля. На сёньняшні дзень для нас наогул няма ніякай пэрспэктывы, але здавацца ня зьбіраемся. Мы ставім перад сабой задачу: любымі законнымі сродкамі аднавіць свае правы на паляпшэньне жыльлёвых умоваў, на годнае пражываньне дзяцей і вяртаньне ў сьпісы чаргавікоў у якасьці шматдзетнай сям’і.
У цяперашні момант сям’я зь пяці чалавек пражывае ў старой аднапакаёвай кватэры. Бачна, што нават у гэтых нязручных умовах, калі і бацькі, і дзеці туляцца ў адным пакоі, робіцца ўсё магчымае для стварэньня ўтульнага і камфортнага пражываньня. Пакрысе нешта перарабляецца, хаця гаспадыня і скардзіцца: «Каб выканаць усе патрэбныя рамонтныя работы, трэба некуды зьехаць, але, на жаль, няма куды».
С. Горкі, Віцебская вясна