“Выйсьце з такой сытуацыі кіраўніцтва прадпрыемства бачыць у аказаньні ААТ “КІМ” дадатковых мер дзяржаўнай падтрымкі, зьвязаных з выдзяленьнем крэдытаў на тэхнічнае перааснашчэньне і рэструктурызацыяй запазычанасьці па плацяжах. Аднак гэта прапанова не знайшла падтрымкі ў прэм’ер-міністра”, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ўраду. “Нельга вечна жыць за чужы кошт”, — падкрэсьліў Мясьніковіч. Ён зазначыў, што прадпрыемству тры разы аказвалі дапамогу, аднак эфэкту гэтыя меры не прынесьлі — прадукцыя прадпрыемства прадаецца слаба, на рынку са сваёй нішы яго значна пацясьнілі іншыя вытворцы. “Прадпрыемства, як і жывы арганізм, ня можа існаваць вечна. Яго трэба ці абнавіць, ці ліквідаваць”, — дадаў прэм’ер-міністар падчас абмеркаваньня розных варыянтаў адносна далейшага лёсу ААТ “КІМ”. Выйсьце ў гэтым выпадку ён бачыць у каапэрацыі віцебскага прадпрыемства з ААТ “Свiтанак”, у якога ёсьць разьвітая тавараправодная сетка, узоры запатрабаванай прадукцыі, і стварэньні на базе апошняга трыкатажнага голдынгу. “Прадпрыемствам трэба ствараць голдынгі — трыкатажны, абутковы і гэтак далей. І тады ў адных руках будуць аб’яднаныя кадры, адзіная тэхнічная палітыка, падыход да працы, будзе агульная цікавасьць”, — упэўнены Мясьніковіч. ААТ “КІМ” спэцыялізуецца на вытворчасьці трыкатажных і панчошна-шкарпэткавых вырабаў для ўсіх узроставых груп насельніцтва. Доля дзяржавы ў статутным фондзе таварыства складае 99,76%. За першае паўгодзьдзе 2013 году прадпрыемства выпусьціла прадукцыі на 42,2 млрд. рублёў, або 86,8% да аналягічнага леташняга ўзроўню. Вытворыя магутнасьці за студзень—чэрвень па выпуску панчошна-шкарпэткавых і трыкатажных вырабаў загружаныя на 27% і 52,4% адпаведна. Рэшткі гатовай прадукцыі склалі 180,4% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці.
Крыніца: БелаПАН