Чацвер, 20 Студзень 2022

«Мяне выклікаюць на прафілактычную гутарку». Што гэта такое і як сябе паводзіць?

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Пракуратура вынесла больш за восем тысяч афіцыйных папярэджанняў за ўдзел у «несанкцыянаваных» акцыях. Актыўная фаза пратэстаў мінула, а людзей працягваюць выклікаць у міліцыю і пракуратуру на «прафілактычныя гутаркі». Расказваем, што гэта такое і як сябе паводзіць падчас такой размовы. Пра гэта напісала “Наша ніва”.

Прафілактычная гутарка — гэта адна з мераў прафілактыкі правапарушэнняў. Дзяржорганы аналізуюць сітуацыю ў краіне, і калі па адным з кірункаў расце колькасць злачынцаў і правапарушэнняў, па законе, трэба рэагаваць і на апярэджанне.

Часта прафілактыка ператвараецца ў імітацыю дзейнасці. Напрыклад, дакладна вядома, што большасць забойстваў у Беларусі здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення, але дзяржава па факце спрыяе алкагалізацыі грамадства. Міліцыя прапаноўвала забараніць прадаваць алкаголь ноччу, але ў выніку гэта не знайшло падтрымкі. Тое самае было з законам аб прадухіленні хатняга гвалту, ініцыятыву МУС проста завярнулі.

З лета 2020 года для сілавікоў праблема нумар адзін — пратэстная дзейнасць. Трэба не толькі даваць суткі, штрафы і тэрміны зняволення, але і дэманстраваць працу з грамадствам па прадухіленні такой актыўнасці. Як павінна праходзіць прафілактычная гутарка, замацавана ў законе «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». 

Што такое прафілактычная гутарка?

Чалавека запрашаюць на размову ў міліцыю ці пракуратуру, дзе ў вуснай форме яму тлумачаць, якія наступствы можа пацягнуць ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, заклікаюць яго не парушаць закон.

Важна: такая размова можа быць не толькі аб пратэстах, прафілактыка праводзіцца ва ўсіх кірунках — і па прадухіленні хатняга гвалту, і па барацьбе з наркотыкамі, так што нічога новага спецыяльна для апанентаў рэжыму тут не прыдумвалі.

З былымі асуджанымі прафілактычныя гутаркі праводзяць абавязкова, адразу пасля вызвалення. Таксама нагодай правесці такую гутарку можа быць прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, таму часта на гутарку і выклікаюць тых, хто заплаціў штраф ці адбыў суткі.

Часам пры размове могуць паказваць фота і відэа, калі ідзе гаворка аб пратэстнай актыўнасці, то тут выкарыстоўваюць прапагандысцкія сюжэты дзяжаўнага ТБ.

Напрыканцы такой размовы чалавеку даюць дакумент на подпіс, у якім ён адзначае, што папярэджаны аб наступствах супрацьпраўнай дзейнасці. Калі вы адмовіцеся падпісаць пратакол, супрацоўнік так і ўкажа ў дакуменце.

Ці абавязаны я ісці на такую гутарку?

Законам вызначана, што грамадзянін абавязаны з’явіцца па выкліку. Практыка паказвае, што адмова можа быць успрынятая як непадпарадкаванне законным патрабаваннямі прадстаўніка ўлады, што цягне адміністрацыйную адказнасць (штраф ці суткі арышту). Таму калі вас выклікаюць на гутарку, лепш усё ж з’явіцца. 

Ці павінен я адказваць на пытанні? 

Ці адказваць на пытанні падчас прафілактычнай гутаркі, вырашаць вам. Вы заўсёды можаце спаслацца на арт. 27 Канстытуцыі і адмовіцца сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх. Трэба разумець, што такая размова — гэта не аператыўнае і не следчае мерапрыемства. Калі вы не хочаце гаварыць, гэта ваша права, ніхто не можа вас прымусіць.

Колькі часу зойме гутарка, вызначае супрацоўнік, які яе праводзіць. У законе адзначана: «Як правіла, не больш за гадзіну». На практыцы бывае, што і пару хвілін, калі супрацоўніку трэба проста адчытацца, што задача выкананая. 

Калі вас выклікалі на такую размову, вы маеце права ведаць, на падставе чаго яна з вамі праводзіцца, азнаёміцца з пратаколам і атрымаць копію. 

А можна прыйсці з адвакатам?

Тэарэтычна, вы можаце звярнуцца па дапамогу адваката па любым юрыдычным пытанні (арт. 62 Канстытуцыі). Іншая справа, што закон не абавязвае сілавікоў дапускаць на прафілактычную гутарку адвакатаў, таму ў выніку вам могуць у гэтым адмовіць.

Размова тады будзе праходзіць сам-насам з супрацоўнікам міліцыі ці пракуратуры. Абскардзіць дзеянні супрацоўніка можна ў вышэйстаячы орган (напрыклад, дзеянні раённай міліцыі — у гарадской ці абласной), пасля — у пракуратуры і судзе. 

Ці можа быць вынесенае пакаранне ў выніку такой размовы?

Не, але ў межах прафілактыкі правапарушэнняў чалавеку могуць вынесці афіцыйнае папярэджанне — у пісьмовай форме паведамляецца, што нельга парушаць закон.

Нагоды, пры якіх можна атрымаць папярэджанне, прапісаныя ў арт. 26 Закона. Адзначым толькі, што адной з прычын можа быць інфармацыя пра тое, што чалавек сваімі дзеяннямі можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян, — такія фармулёўкі сустракаюцца бадай ва ўсіх справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй.

У дзяржорагана ёсць дзесяць дзён, каб вынесці такое папярэджанне, адлік ідзе з моманту атрымання звестак аб магчымай пагрозе. Пісьмовы дакумент з папярэджаннем асабіста ўручаецца чалавеку. 

Таксама грамадзяніна могуць паставіць на прафілактычны ўлік — за яго паводзінамі тады будуць назіраць, перыядычна выклікаць на размовы, прыходзіць дадому і на працу. Падставай, як і ў выпадку з папярэджаннем, можа стаць інфармацыя, што чалавек можа нанесці ўрон нацбяспецы, інтарэсам дзяржавы і грамадства.