Серада, 29 Кастрычнік 2025

Стэлу, на якую аддалі сродкі з суботніка, адкрыюць у Оршы 7 лістапада

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта ўжо другі ідэалагічны аб’ект, які сёлета адчыняецца “для блага аршанцаў”. Першым стала плошча дзяржаўных сімвалаў, на якую выдаткавана больш за 2 мільёны рублёў. Цяпер мае з’явіцца стэла – памятны знак, прысвечаны наданню Оршы звання “Горад працоўнай славы 1941-1945”.  І гісторыя яго з’яўлення выклікае шмат пытанняў, прычым не толькі фінансавых.

Заўважым адразу: сродкаў на стварэнне стэлы  пайшло меней, чым на плошчу з флагштокам, хаця дакладны кошт укладзеных бюджэтных сум  ніхто не называе. Стэла ( аўтар – віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў) будзе адкрывацца разам з новым Паркам працоўнай славы, які адмыслова для гэтага стварылі.

Увогуле ж званне  “Горад працоўнай славы 1941-1945” было агучана ў адмысловым праекце СНД, ім уганароўваюць гарады, якія ў часы Вялікай Айчыннай вайны працавалі для фронту. З Оршай тут не зусім зразумела: горад пераважную частку гэтага часу знаходзіўся пад акупацыяй, і ніякую прадукцыю “для фронту” вырабляць не мог. Тым больш, што найбуйнейшыя прадпрыемствы былі вывезены ў эвакуацыю.

Не зразумела да канца, ці атрымала Орша гэтае званне. Бо 30 сакавіка з’явіліся звесткі пра тое, што Орша і Баранавічы намінаваныя на званне “Горад працоўнай славы 1941-1945”. Ці азначае гэта аўтаматычнае наданне – не ясна, тым болей што дакументы пра гэта нідзе не друкаваліся і аршанцаў ніхто не павіншаваў. Тым часам, як у Баранавічах памятны знак з гэтай нагоды з’явіўся яшчэ летам.

Падобна, віншаванні запланаваныя на ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі ( гістарычная сувязь таксама няўцямная). Цяпер у горадзе спешна даводзяць парк і стэлу да ладу. Грошай на гэта мала, таму сёлета на стварэнне стэлы была перададзена частка сродкаў, якія Віцебская вобласць зарабіла падчас Рэспубліканскага суботніка 25 кастрычніка.

Алег Якаўлеў