1 красавіка ў Шумілінскім раённым цэнтры культуры анансавана мерапрыемства пад назвай «Дзве краіны – адзін лёс». У святле падзеяў ва Украіне назва імпрэзы гучыць не проста прэтэнцыёзна, але ж і надта двухсэнсоўна. У наўпростым разуменні яна азначае, што Шумілінскія ўлады бяруць на сябе смеласць заяўляць, што ўсе беларусы падзяляюць палітыку Расейскай Федэрацыі. Ці канкрэтна гэта маюць на ўвазе арганізатары, застаецца не зразумелым: праграму мерапрыемства мясцовыя СМІ не абвясцілі. Найхутчэй, усё пойдзе па звыклай завядзёнцы: урачысты сход мясцовага кіраўніцтва плюс канцэрт.
Па такой самай схеме збіраюцца адзначыць Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі і ў Талачыне. Што праўда, урачыстае мерапрыемства палічылі зрабіць за лепшае безназоўным. Яно таксама адбудзецца 1 красавіка, і наведаць яго за 3 рублі зможа кожны ахвотны.
І ў адным, і ў другім выпадку праглядаецца выразная пазіцыя мясцовых уладаў: імпрэзы вырашана праводзіць у апошні працоўны дзень тыдня, каб не марнаваць выходны дзень на дэманстраванне каляндарнага «яднання». Бо насамрэч Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі прымеркаваны да 2 красавіка – менавіта ў гэты дзень у 1996 г. Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі ў Маскве Дамову «Аб стварэнні Супольнасці Расеі і Беларусі». І праз год, 2 красавіка 1997 года, быў падпісаны Дагавор »Аб Саюзе Беларусі і Расеі.
У Беларусі ўсе апошнія гады дзень 2 красавіка на дзяржаўным узроўні адзначаюць паказальна: па ўсёй краіне вывешваюць сцягі суседняй дзяржавы на знак прыязнасці да «старэйшага брата». Да «малодшых братоў» у Расеі ставяцца куды больш стрымана: прынамсі, у расейскай «глыбінцы» не праводзяць імпрэзаў у гонар Беларусі і беларусаў.
Эмілія Протас