Аўторак, 24 Май 2022

Віцебскія ўлады афіцыйна прызналі Крым часткай Расеі?..

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

24 траўня ў Віцебскім аблвыканкаме адбылася афіцыйная сустрэча з крымскай дэлегацыяй, якую ўзначальваў намеснік старшыні Савету міністраў так званай «Рэспублікі Крым» Георгій Мурадаў. Гэтая сустрэча насіла дэманстратыўна афіцыйны характар. Ці гэта сведчыць пра пачатак працэсу палітычнага прызнання беларускімі ўладамі тэрыторыі Крыму як часткі РФ?..

Падчас сустрэчы старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Субоцін падзяліўся сакрэтам аб тым, што неафіцыйныя кантакты паміж Віцебшчынай і Крымам не перарываліся ніколі – ні палітычныя, ні эканамічныя кантакты.

24 траўня бакі абмеркавалі канкрэтныя магчымасці па развіццю супрацы на ўзроўні органаў мясцовай улады, паміж дзяржаўнымі прадпрыемствамі і прыватным бізнесам. Былі ўхваленыя канкрэтныя праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, турызме, вялося пра сумеснае выкарыстанне партовай інфраструктуры Крыму.

Дамовіліся нават пра тое, што дэлегацыя з Крыму возьме ўдзел у «Славянскім базары ў Віцебску – 2022».

Анексаваны Крым – «дэпрэсіўны рэгіён»

Але аналітыкі адзначаюць, што «ў гэтым візіце было больш палітыкі, чым эканомікі». На іх думку, анексаваны Крым – гэты дэпрэсіўны рэгіён, які не зможа нават часткова замяніць экспарт прадукцыі віцебскіх прадпрыемстваў, якая масава пастаўлялася да пачатку вайны паміж Расеяй і Украінай еўрапейскім партнёрам і спажыўцам. Крымскі бюджэт у бліжэйшыя тры гады будзе дэфіцытным. Выдаткі перавысяць прыбыткі амаль на 3 млрд расейскіх рублёў.

Ідзе восьмы год анексіі. Але крымскія ўлады так і не здолелі стварыць бюджэт развіцця і па-ранейшаму залежаць ад федэральных датацыяў з Расеі. Як сцвярджаюць эканамісты, у 2022 годзе Крым абыдзецца расейскім падаткаплацельшчыкам у 200 млрд рублёў, гэта значыць 80% усіх прыбыткаў крымскія ўлады атрымаюць у выглядзе бязвыплатных уліванняў з суседняй Расеі.

Завозіць прадукцыю з Віцебскай вобласці ў бедны крымскі рэгіён – гэта занадта далёка і стратна. Бадай усе прыбыткі пойдуць па пакрыццё выдаткаў на лагістыку. Бо адлегласць ад Віцебску да паўвыспы складае 2 тыс кіламетраў, там жыве 1,9 млн. чалавек з сярэднім заробкам каля 500 долараў.

Турызм і «Славянскі базар»

З турызмам таксама маецца праблема. Праз вайну асцярожныя беларускія турысты не хочуць рызыкаваць сваім адпачынкам на тэрыторыі Крыму, які ў любы момант можа стаць зонай баявых дзеянняў. Калі і можна будзе разлічваць на ажыўленні турыстычнага бізнесу, то толькі тады, калі ў рэгіёне запануе спакой.

У выпадку, калі на песенны фестываль прыедзе дэлегацыя крымскіх артыстаў, то з яго назвы можна смела выкрасліць слова «Славянскі». Праз вайну ў фэсце не будуць удзельнічаць майстры мастацтваў з Украіны, а таксама артысты з іншых еўрапейскіх краін, у тым ліку славянскіх. Так званы «Славянскі базар» мае ператварыцца ў рэгіянальную тусоўку эстрадных выканаўцаў Беларусі і Расеі, прычым выканаўцаў другога ці нават трэцяга шэрагу.

Руслан Нічай