Мэты стварэння Шумілінскага клуба «Юны гвардзеец» маюць выразны ідэалагічны складнік і сведчаць пра адпаведную пазіцыю раённага кіраўніцтва. «Ва ўмовах гібрыднай вайны, якую Захад вядзе супраць нашай краіны, адкрыццё клуба будзе дапамагаць фарміраванню праўдзівага ўяўлення дзяцей і падлеткаў аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, будзе спрыяць патрыятычнаму выхаванню моладзі», – заявіў падчас адкрыцця клуба старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. Відавочна, што апрача ідэалагічнага выхавання, арганізатары зоймуцца і вайсковай падрыхтоўкай беларускіх падлеткаў. Кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Валерый Жандараў уручыў клубу грашовы сертыфікат на развіццё матэрыяльнай базы і паабяцаў «усебаковую падтрымку арганізацыі ў выхаваўчым працэсе».
Запрошаны з Полацку намеснік камандзіра вайсковай часці Сяргей Літвінаў падкрэсліў, што вайскоўцы гатовыя паспрыяць выхаванню павагі да Узброеных Сіл папулярызацыі тэрміновай службы, а таксама прафарыентацыйнай рабоце для паступлення ў сілавыя навучальныя ўстановы.
Кіраўніком клубу прызначаны 39-гадовы настаўнік гісторыі Шумілінскай СШ №1 Сяргей Сахончык – спартовец-аматар, удзельнік раённай выбарчай камісіі падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў, дэпутат Шумілінскага райсавета 28-га склікання (вылучаўся ад БРГА «Белая Русь»).
Вайскова-патрыятычны клуб «Юны гвардзеец» – першы моладзевы клуб такой накіраванасці ў рэгіёне. Але прадстаўнікі ўлады падчас урачыстага сходу выказалі меркаванне, што неўзабаве гэтая ініцыятыва будзе працягвацца ў іншых школах.
Таццяна Віктарава