На пасяджэнні ў Віцебску вялося перадусім пра эканамічнае становішча Лепельшчыны як падмурак дабрабыту мясцовых жыхароў. Паводле дзяржаўных газетаў, гэты падмурак трывалы і надзейны. А як насамрэч? Можна зрабіць высновы, калі прааналізаваць хвалебныя артыкулы па сутнасці.
«Па выніках 2022 г. Лепельскі раён здолеў прыцягнуць каля 84 млн рублёў інвестыцый», – паведамляе абласная газета «Витебские вести», выдаючы гэта за вялікі поспех. Але немагчыма сказаць, ці насамрэч так ёсць, бо чытачам не паведамляюць, колькі інвестыцый планавалася прыцягнуць, ці адпавядае выніковая лічба ранейшым планам, і ці болей або меней было, прыкладам, летась.
Абласная газета рапартуе, што ў Лепельскім раёне было рэалізавана «некалькі стратэгічных праектаў». Але колькі дакладна, і колькі праектаў засталіся нерэалізаванымі, застаецца не вядомым для чытачоў.
Паводле старшыні райвыканкаму Міхаіла Кісялевіча, «рэгіён добра спрацаваў у галіне жыллёвага будаўніцтва», летась жыллёвыя ўмовы палепшылі 39 шматдзетных сем’яў. Між тым, яшчэ два гады таму тая ж газета «Витебские вести» пісала пра планы вырашыць праблемы з жытлом для ўсіх шматдзетных сем’яў райцэнтру, якіх на той момант налічвалася болей за 100.
Адзінае, у чым шчыра прызнаецца старшыня райвыканкаму, – гэта адставанне ў паказніках прамысловасці і сельскай гаспадаркі, па якіх рэгіёну не ўдалося дасягнуць нават узроўню 2021г.
Гарадская газета «Витьбичи» ускосна тлумачыць, чаму адстае эканамічнае развіццё Лепельшчыны. Тут ёсць праблема з беспрацоўем, бо людзі не ідуць на працу з нізкімі заробкамі, і з 31 тысячы насельніцтва ў эканоміцы занята меньш як 13 тысяч. Таму, нягледзячы на прыбыткі ад турыстычнай галіны, вытворчасці «смачнай і якаснай» малочнай прадукцыі, кармоў для жывёлы і г.д., відавочнае адставанне ў прамысловасці і АПК, тэмпах будаўніча-мантажных працаў, не забяспечаны заданні па эксперце тавараў і рознічным таваразвароце. Увогуле з 13-ці паказнікаў, па якіх лепельскія ўлады давалі справаздачу аблвыканкаму, летась выкананы толькі 8…
Варта было б чакаць, што СМІ раскрытыкуюць дзейнасць уладаў, якія не спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі. Але ж не! Замест гэтага чытачам раздаюць вясёлкавыя абяцанні, што ўсё абавязкова палепшыцца ў 2023-м годзе. У эканоміку раёну будуць прыцягнуты новыя інвестыцыі (больш за 100 млн рублёў паводле газеты «Витьбичи» і чамусьці толькі каля 93 млн рублёў паводле газеты «Витебские вести»). Таксама чакаецца росквіт прамысловасці і сельскай гаспадаркі, пабудуюцца новыя дамы, дзіцячы сад і фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, а турысты з яшчэ большым імпэтам паедуць у Бярэзінскі біясферны запаведнік... На чым грунтуюцца такія абяцанні, калі патэнцыйна прыбытковы раён не спраўляецца нават з бягучымі планамі, дзяржаўныя газеты не паведамляюць. Бо маюць іншую задачу: прыхаваць наяўныя праблемы за гучнымі словамі пра будучыя поспехі.
Феліцыян Красоўскі