Заканадаўства аб масавых мерапрыемствах ужо даўно трактуецца ў Беларусі вельмі адвольна. Вось і пракурор Васілевіч тлумачыць, што «масавае мерапрыемства» не абавязкова павінна праходзіць з удзелам грамады – яго можа зладзіць і адзін чалавек. Прыкладам, калі праводзіцца аднаасобны пікет. І сам панятак «пікет» супрацоўнік абласной пракуратуры тлумачыць па-свойму.
«Да прыкладу, калі грамадзянін размяшчае ў адкрытым доступе на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фотаздымак, публікацыі, праз якія выражае свае палітычныя погляды, - такія дзеянні могуць быць прызнаныя пікетаваннем», -- тлумачыць Антон Васілевіч.
У артыкуле 24.23 КаАП не сказана ніводнага слова пра сацыяльныя сеткі і Інтэрнэт. Там вядзецца толькі пра сходы, мітынгі, вулічныя шэсці, дэманстрацыі і пікетаванні - гэта значыць, мерапрыемствы, якія праводзяцца ў грамадскіх месцах. Але ж у Беларусі грамадскім месцам абвясцілі і прыватныя старонкі інтэрнэт-карыстальнікаў.
Падчас складання адміністрацыйных пратаколаў і ў судах заўсёды гучыць фраза пра «выражэнне ўласных грамадска-палітычных інтарэсаў» як пра галоўную прыкмету пікетавання. Прадстаўнік пракуратуры прыводзіць адпаведны прыклад: маўляў, жыхара Віцебску нядаўна асудзілі за размяшчэнне фотаздымкаў з бел-чырвона-белым сцягам, бо менавіта праз гэты сімвал чалавек выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю.
І тут варта звярнуць увагу на выказванне пракурора пра тое, што «такія дзеянні могуць быць прызнаныя пікетаваннем». Адпаведна, могуць і не быць... І ў кожнага чытача мусіць паўстаць пытанне: хіба закон не аднолькавы для ўсіх? Калі чалавек на фотаздымку мае бел-чырвона-белы сцяг, то ён пікетуе, а калі нехта сфатаграфаваўся на фоне дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга, з бутаньеркай «Кветка яблыні» або з шалікам «Белай Русі», то не? Як так? Хіба выйсці на вуліцу пад сцягам БРСМу або сфатаграфавацца ў бейсболцы або майцы з лагатыпам гэтай арганізацыі -- гэта не выражэнне сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў?
Антон Васілевіч адзначае, што арганізацыя і правядзенне масавых мерапрыемстваў ажыццяўляецца толькі пасля атрымання дазволу мясцовых выканкамаў. Гэта насамрэч ёсць патрабаваннем дзейнага заканадаўства. У такім выпадку на размяшчэнне фотаздымкаў у сацыяльных сетках таксама трэба прасіць дазвол, незалежна ад колеру сцяга на выяве? Ды што там сцяг! Вядомыя выпадкі, калі ў пікетаванні вінавацілі ўладальнікаў белых шкарпэтак з чырвонай палоскай і белых спартовых штаноў з чырвонымі лампасамі. Дык можа, на ўсялякі выпадак падаваць заяўку на пікет, маючы намер размясціць любы здымак – ці мала што апроч шкарпэтак і штаноў можа сведчыць пра «выражэнне грамадска-палітычных інтарэсаў»?
Усё гэта магло б падацца смешным толькі чалавеку, далёкаму ад беларускіх рэалій. Насамрэч пасыл пракурора Васілевіча тычыцца выключна нацыянальнай сімволікі. Хіба што яшчэ нацыянальнага сцяга Украіны, які ў Беларусі таксама стаў лічыцца прыкметай «апазіцыйнасці». Але прызнацца ў тым, што ў краіне «иногда не до законов» Антон Васілевіч не наважваецца, і спрабуе рабіць выгляд, што заканадаўства ў Беларусі працуе як мае быць. Чым дыскрэдытуе арганы пракуратуры, якія мусілі б забяспечыць нармальнае функцыянаванне заканадаўчай базы, а не абараняць праз газету міліцыянтаў і суддзяў з іхным выбарачным падыходам да «удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».
Феліцыян Красоўскі