Як падкрэсліла чыноўніца, дакументамі, якія падпісаў Лукашэнка, вызначаны як абавязак мясцовай улады выяўляць пустыя дамы, весці іх улік, наводзіць парадак на тэрыторыі населеных пунктаў і эфектыўна выкарыстоўваць будынкі, перададзеныя ў камунальную ўласнасць, так і абавязак уласніка сачыць за сваёй нерухомай маёмасцю, добраўпарадкоўваць зямельны ўчастак.
Паводле Веранікі Яблонскай, за мінулы год на Браслаўшчыне 17 дамоў уключаны ў рэестр пустых. Чатыры былі прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ў камунальную ўласнасць раёна. Было знесена 20 такіх будынкаў.
«На знос пустых дамоў з гаспадарчымі ды іншымі пабудовамі, а таксама ўсе спадарожныя працэдуры ў 2022 годзе з бюджэту было выдаткавана 22,5 тысячы рублёў. Гэтыя сродкі асвоены ў поўным аб'ёме», - падкрэсліла Вераніка Яблонская. На гэта сёлета выдзелілі яшчэ больш сродкаў.
У «Адзіны рэестр пустуючых хат» браслаўскія ўлады ўнеслі дадзеныя аб 26 такіх будынках, размешчаных на тэрыторыі раёна. Паводле слоў браслаўскіх спецыялістаў, тэлефанаванні наконт пустуючых будынкаў паступаюць з усіх абласцей Беларусі і лідзіруе горад Мінск.
Але, як бачна са статыстыцы знесеных і купленых дамоў, тэлефанаванні – гэта не рэальная справа, і людзі не спяшаюцца ўкладваць свае грошы на набыццё такіх дамоў.
Таму толькі ў першым паўгоддзі ў Браслаўскім раёне мясцовыя ўлады плануюць знесці 19 пустых дамоў і толькі тры прапануюць да продажу.
Асаблівую ўвагу пры гэтым, як зазначаюць браслаўскія ўлады, надаецца сельсаветам, чые тэрыторыі размешчаныя ўздоўж Дзяржаўнай мяжы. Відаць, хвалююцца за прыгожую карцінку. Бо яна ж не адпавядае сапраўднай карцінцы, якая транслюецца з дзяржаўных СМІ, і ўжо зусім не адпавядае надакучлівым лозунгам, якія гучаць з вуснаў чыноўнікаў, што ў Беларусі ўсё квітнее, развіваецца і ўлады робяць усё магчымае для людзей, асабліва на вёсцы.
Інга Сташэўская