Менавіта пра такія планы, што да выкарыстання гістарычнага будынка, распавёў старшыня віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Субоцін падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ 5 траўня. За некалькі тыдняў ды гэтага дзржСМІ паведамілі, што помнік архітэктуры ўключаны ў абласную інвестыцыйную праграму на на 2023 год, і што толькі на праектную дакументацыю будзе выдаткавана 150 тысяч рублёў.
Мяркуючы па выказваннях у сацыяльных сетках, жыхары Віцебску найбольш часта выказваліся за тое, каб у вызваленым помніку архітэктуры размясціўся музей – магчыма, філіял краязнаўчага музею, які цяпер месціцца ў былой ратушы. Гучалі й прапановы, каб перарабіць колішні губернатарскі палац у Палац шлюбаў, бо цяперашні гарадскі ЗАГС дагэтуль застаецца на першым паверсе жылога дому 1960-х гадоў пабудовы. Таму нават у некаторых райцэнтрах месцы, дзе бяруцца шлюбам, выглядаюць больш прэзентабельна...
Для якіх канкрэтна «урачыстых абрадаў» будуць прадугледжаны памяшканні ў «шматфункцыянальным комплексе», старшыня аблвыканкаму не ўдакладніў. Але ў «залы для прыёму высокіх гасцей» шэраговым віцяблянам відавочна ніколі не трапіць – відаць, у аблвыканкаме вырашылі, што ўласнага будынка (між іншым, таксама гістарычнага) для сучасных чыноўнікаў ужо мала. Хочуць мець яшчэ й уласны палац.
Аляксандр Субоцін кажа, што ў былой рэзідэнцыі губернатара з часам будзе абсталявана і новая кавярня «з прыгожымі відамі з вокнаў», і - што выглядае зусім ужо малаверагодным – некалі будзе адноўлена дамавая царква, «каб маладыя змаглі тут жа абвянчацца». Нібыта Успенскага сабору ў крокавай даступнасці недастаткова...
Будынак на так званай Успенскай горцы быў узведзены у 1772 годзе -- калі яго збудавалі для шляхцічаў Кудзіновічаў. У 1806 годзе жылы дом быў рэканструяваны пад рэзідэнцыю генерал-губернатара, і да 1917 году лёс будынка быў звязаны з гістарычнымі падзеямі і асобамі царскай Расеі. Пасля Кастрычніцкага перавароту ў помніку архітэктуры размяшчаліся камітэт віцебскай арганізацыі РСДРП(б), віцебскі губвыканкам, пазней мясцовыя структуры адукацыі і статыстыкі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны былы палац істотна пацярпеў, ад яго фактычна засталіся толькі сцены: дах, падлога і ўнутранае аздабленне былі знішчаны незваротна. Тым не менш, ён быў адрэстаўраваны з укладаннем значных фінансавых сродкаў. І ў будынак з ляпнінай на столі і велічнай параднай лесвіцай засялілася структура, з якой мала хто ў горадзе хацеў бы мець «блізкія стасункі». Большасць простых віцяблянаў ніколі не бывала ўнутры гістарычнага помніка, і мала верыцца, што некалі туды трапіць.
Сяргей Мартынаў