Калі ў мінулыя гады ў моладзевую аўдыторыю запрашалі сапраўдных ветэранаў, то дзецям і падлеткам насамрэч было цікава паслухаць, як гэтыя людзі баранілі Радзіму ад нацыстаў. Выхаваўчы эфект быў адчувальны: школьнікі і студэнты чулі аповеды пра жахлівыя выпрабаванні ваеннага часу, пранікаліся павагай да тых, хто ваяваў з захопнікамі, забыўшы пра ўласны страх, каго вяла ў бой сапраўдная любоў да сваіх родных, якіх трэба было ўратаваць ад варожага захопу... Былыя «афганцы» нічога падобнага распавесці не могуць, бо іх прымусова, па дзяржаўным загадзе, кінулі ваяваць у чужую краіну. Яны не баранілі родны край і свае сем’і, гінулі на чужыне і вярталіся дадому інвалідамі выключна праз палітычную волю кіраўніцтва СССР. Менавіта на такіх прыкладах у моладзі спадзяюцца выхаваць патрыятызм. І гэта асабліва цынічна выглядае менавіта зараз, калі йдзе вайна ва Ўкраіне, у якую пад такім самым прымусам могуць быць уцягнуты і беларускія вайскоўцы.
Зрэшты, выхаванне патрыятызму – не адзіная, а можа, і не галоўная мэта, якой ідэалагічныя службы імкнуцца дасягнуць, выкарыстаўшы «афганцаў». Падчас дыскусіі «Аб ролі і месцы воінаў-інтэрнацыяналістаў у вайскова-патрыятычным выхаванні моладзі» было падкрэслена, што ў кожным з іх ідэалогі бачаць «прыхільнікаў дзяржаўнага курса», і што яны абавязаны ўключыцца ў «бескампрамісную барацьбу» за свядомасць беларускай моладзі.
Феліцыян Красоўскі