Па словах загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Ларысы Малецкай, экспарт турыстычных паслуг – асноўны мэтавы паказчык дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2021-2026 гады. Мёрскаму раёну было даведзена заданне ў памеры 94 тысяч даляраў. Справіліся толькі на 86,9 тысяч даляраў.
Асноўныя прадпрыемствы, якія прынеслі прыбытак у гэтай сферы на Мёршчыне, сталі ТАА «Абстэрна» – 36,48 %, раённая аргструктура РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» – 33,25 %, дзіцячы санаторый «Расінка» – 20,37 %, Дзісненскі лясгас – 5,75 %, ПГУП «Нікафуд» – 2,99 % і УП ЖКГ – 1,15 %.
А вось мёрскія ўлады не задаволеныя працай ДПУ «Ельня», якое другі год запар не выконвае даведзенае ім заданне. Дырэктар Іван Барок абумоўлівае гэта тым, што немагчыма вылучыць замежных турыстаў у складзе груп.
Таксама скардзяцца на тое, што і дзіцячы санаторый «Расінка», адзін з асноўных пастаўшчыкоў экспарту турыстычных паслуг, даведзенае заданне не выканаў. Установа тлумачыць гэта тым, што была занятая беларускімі адпачывальнікамі. Летась у санаторыі прынялі 5 123 чалавек, з іх толькі 82 іншаземцы.
Паводле Ларысы Малецкай, на Мёршчыне развіты паляўнічы турызм. Летась яны прынялі 891 госця, з іх 119 грамадзян Расеі. Усяго прадалі 69 паляўнічых тураў.
Гасцінічны бізнес на Мёршчыне прадстаўляюць УП ЖКГ і ПГУП «Нікафуд». Летась там гасцявала звыш 2 тысяч чалавек, у тым ліку 161 расіянін.
На 2023 год улады запатрабавалі забяспечыць на Мёршчыне аб’ём экспарту турыстычных паслуг у суме не менш за 91,2 тысячы даляраў. Для гэтага яны збіраюцца папулярызаваць іх у сродках масавай інфармацыі, у сацыяльных сетках і мэсанджарах.
Таксама мёрскія ўлады збіраюцца дзеля развіцця турызму палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу аб’ектаў турыстычнай індустрыі, забяспечыць іх кваліфікаванымі кадрамі, рэалізаваць інвестыцыйны патэнцыял. На гэта выдзелена з раённага бюджэту і за кошт выканаўцаў 15 тысяч рублёў.
У прыватнасці, бліжэйшым часам яны збіраюцца абуладкаваць аглядавую пляцоўку на набярэжнай у Мёрах, пляжныя зоны на паўвостраве і ў вёсцы Пераброддзе і адчыніць аб’екты грамадскага харчавання.
А да 1 верасня мёрскія ўлады абяцаюць пабудаваць веладарожкі і паркоўкі, наладзіць веламаршруты, маркіроўку і ўстаноўка знакаў і карт-схем, адкрыць пункты пракату і сэрвісу. Яны лічаць, што варта арганізаваць перавозкі водным транспартам і яго пракат, забяспечыць адпаведную інфраструктуру: прычалы, месцы абслугоўвання тэхнічных сродкаў ды іншае. А таксама асаблівую ўвагу надаць стварэнню «зялёных» маршрутаў і экалагічных сцежак на тэрыторыі прыродаахоўных устаноў. Трэба ўладкаваць пляцоўкі для кемпераў і караванераў, месцы адпачынку ў маляўнічых мясцінах. Будуць развіваць вытворчы турызм і ў ТАА «Металапракатная кампанія».
Вось толькі адно яны не ўлічваюць, ці паедзе хто ў Беларусь з тых замежнікаў, якія сочаць за навінамі і ў курсе таго, што адбываецца ў краіне. Хіба толькі расіяне, бо ідзём з імі ў адным кірунку.
Можа, трэба ўсё ж у першую чаргу забяспечваць не адпаведную інфраструктуру, а спрыяльную грамадска-палітычную абстаноўку ў краіне.
Вінцук Жукоўскі