І ў статусе дэлегата ўстаноўчага сходу партыі «Белая Русь», і на новай партыйнай пасадзе Уладзімір Міхно вельмі любіць разважаць пра ініцыятыўнасць, актыўнасць і прафесіяналізм як вызначальныя якасці сапраўднага працаўніка і грамадзяніна. Аднак няшмат станоўчага можна сказаць пра вынікі ягонай асабістай працоўнай дзейнасці. Некалькі год ён адпрацаваў намеснікам старшыні райвыканкаму па пытаннях ЖКГ. Аднак заўважных поспехаў пад ягоным кіраўніцтвам гэтая галіна не дасягнула, і Уладзіміра Міхно «перасадзілі» на іншую пасаду, праўда, рангам ніжэй. Цяпер ён працуе старшынём Талачынскага сельскага выканкаму – займаецца падсыпкай вясковых дарог, ліквідацыяй аварыйных дрэваў, добраўпарадкаваннем могілак і гд. Прычым і тут праца ідзе цяжка, як можна меркаваць з інтэрв“ю кіраўніка, якія ён дастаткова часта дае мясцовай «раёнцы». «Нядаўна я месяцы траціў, каб прывезці ў вёску 2-3 машыны пяску», «іншым разам са скуры вон лезеш, а дапамагчы людзям не атрымліваецца», - такія прызнанні робіць цяперашні раённы партыйны кіраўнік.
Паўстае пытанне: калі чалавек не ў стане вырашыць праблемы ў маштабе адной вёскі, то ці можна яму, нават у складзе разгалінаванай партыйнай структуры, даверыць клопат пра цэлую краіну? Адказ відавочны. Але насамрэч недзеяздольнасць чальцоў партыі «Белая Русь» нікога не хвалюе: яе сфармавалі дзеля стварэння ілюзіі існавання дэмакратыі ў краіне, дзе незадоўга да таго былі ліквідаваныя сотні партый і грамадскіх утварэнняў. Галоўнае, што патрабуецца ад новастворанай праўладнай партыйнай структуры, - гэта ўголас падтрымліваць палітыку найвышэйшага эшалону кіраўніцтва дзяржавы і прытрымлівацца рыторыкі пра агрэсіўны Захад, які нібыта марыць захапіць моцную і квітнеючую Беларусь.
Лявон Каляда