Запланавана таксама добраўпарадкаванне цэнтральнага парку і транспартных прыпынкаў, рамонт галоўных вуліц. Праўда, усё гэта «раёнка» транслюе без аніякай канкрэтыкі, спасылаючыся толькі на адмысловае пасяджэнне райвыканкаму, дзе абмяркоўвалі планы падрыхтоўкі да «Дажынак- 2024». Так што мясцовым жыхарам застаецца толькі гадаць, ці ўключаць іхны дом у планы па рамонце, і ці знікнуць выбоіны на бліжэйшай вуліцы...
Што дзівіцца на адсутнасць канкрэтыкі ў планах да 2024г., калі мала што вядома пра падрыхтоўку да сёлетніх «Дажынак-2023», якія маюць адбыцца ў Шаркоўшчыне. Сельскагаспадарчае свята запланавана на 17 верасня – маўляў, гэта дзень аб“яднання усходняй і заходняй частак Беларусі, і таму жыхарам Шаркоўшчыны пашчасціла з ідэалагічным падтэкстам свята хлебаробаў. Так казалі абласныя ўлады, калі вызначаліся з месцам правядзення сёлетніх імпрэзаў.
Як ідзе падрыхтоўка да іх, даведацца складана. У раённай газеце «Кліч Радзімы» ёсць адмысловая рубрыка, прасвечаная «Дажынкам-2023». Але пад ёй можна знайсці ўсяго адзін артыкул – пра тое, што 4 студзеня ў Шаркоўшчыну прыязджаў намеснік старшыні аблвыканкаму Вячаслаў Дурноў. Ен прайшоўся па тых аб“ектах, якія запланавана мадэрнізаваць і пабываў на месцы будаўніцтва будучага фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
Між тым планы былі грандыёзныя. Сярод запланаванага – рамонт Дома культуры і 11 жылых дамоў, дзіцячага садка і дзіцячай школы мастацтва, будаўніцтва ФОКа з басейнам. Абяцалі нават карэнныя змены ў абліччы райцэнтра: з прычыны таго, што брэндам раёну абраны зялёны яблык у памяць пра селекцыянера Івана Сікоры, які жыў і працаваў у гэтым рэгіёне, на «Дажынках-2023» мусіць дамінаваць «яблычная» тэматыка. На вуліцах, абяцалі ўлады, з“явяцца адпаведныя малыя архітэктурныя формы, а фасады жылых дамоў будуць перафарбаваныя ў белы, шэры і розныя адценні зялёнага колеру. Ці запомнілі мясцовыя жыхары тыя абяцанні, каб да прызначанай даты іх спраўдзіць?
Лявон Каляда