Так, афіцыйны прафсаюз заявіў, што 30 чэрвеня каля 200 медыцынскіх работнікаў Віцебскай вобласці выправяцца ў патрыятычны велапрабег. Велапрабег арганізоўваецца да Дня незалежнасці 3 ліпеня і пройдзе пад дэвізам «Вместе мы сможем многое». Мяркуецца, што групы на роварах у розных населеных пунктах Віцебшчыны накіруюцца па месцах баявой славы, наведаюць мемарыялы і брацкія магілы загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Гэта, на думку арганізатараў, адыграе значную ролю ў патрыятычным выхаванні – таму медыкам прапанавана далучаць да ўдзелу ў велапрабегу і сваіх дзяцей. А таксама паслужыць узорам прапаганды здаровага ладу жыцця.
Арганізатары ўскладаюць надзеі на тое, што ўдзел у ідэалагічных мерапрыемствах паўплывае прафесійную свядомасць медыкаў, якія апошнім часам сыходзяць з прафесіі або з“язджаюць з Беларусі. На падобныя рашэнні адмыслоўцаў уплываюць няспраўджаныя чаканні ад працы: састарэлая матэрыяльная база, засілле бюракратыі, нізкія заробкі, праверкі на «лаяльнасць», якія сталі адзнакай апошняга часу. Ідэалогі спадзяюцца, што ўдзел у афіцыёзных мерапрыемствах пераважыць незадавальненне рэчаіснасцю.
Да слова, пад ідэалагічныя захады трапляюць у Віцебску не толькі лекары, але і іх пацыенты. Так, у абласным шпіталі, дзе медработнікамі апякуюцца сотнямі жыхароў з розных рэгіёнаў, нядаўна размясцілі мультымедыйную выставу «Партызаны Беларусі». На ёй можна ўбачыць фотаўдымкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, наградныя лісты, у тым ліку выдадзеныя медработнікам ваеннага часу, характарыстыкі партызанаў і падпольшчыкаў. Лекавы эфект ад наяўнасці такой выставы ў шпіталі – больш чым сумнёўны. Але ініцыятары яе размяшчэння менавіта тут – а гэта выдавецкі дом «Беларусь сегодня», Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, прафкам работнікаў аховы сдароўя і непасрэдна адміністрацыя медустановы – напэўна, лічаць іначай.
Жанна Жалейка