Куды больш шчыра пра дзейнасць вайскова-патрыятычных клубаў падчас закрыцця першай змены вайсковага летніка сказаў начальнік службы вайскова-патрыятычнага выхавання Дзяніс Свірыд: маўляў, галоўная мэта – гэта дапамога маладым людзям, якія хочуць прысвяціць сваё жыццё службе ў войску.
Аднак у Беларусі прынята падаваць дзейнасць падобных клубаў як прыклад выхавання патрыятызму. Што не дзіўна на фоне сталай ідэалагічнай рыторыкі пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў атачэнні ворагаў, якія толькі й мараць, каб яе захапіць. Таму адмысловымі ўрадавымі распараджэннямі зацверджана, што вайскова-патрыятычныя клубы павінны стварацца ў кожным рэгіёне, а яшчэ лепей, каб іх было адразу некалькі.
Наваполацкі клуб «Сокал» і полацкі клуб «Рубеж» былі створаны яшчэ ў снежні 2021г., і сталі аднымі з першых у краіне. Да слова, падчас адкрыцця яшчэ не гучалі злавесныя фармулёўкі пра неабходнась навучацца бараніць краіну са зброяй у руках. Гаварылася хіба пра тое, што падлеткі «далі клятву добрасумленная працай і добрай вучобай прыносіць карысць Радзіме і навучацца мужнасці на слаўных прыкладах ратных подзвігаў».
Паралелі паміж патрыятызмам і вайсковымі навыкамі пачалі агучвацца пазней – у адпаведнасці з ідэалагічнымі патрабаваннямі. «Працэс далучэння маладога пакалення да патрыятычных каштоўнасцяў ужо запушчаны. Падлеткі навучаюцца абыходзіцца са зброяй і найпрасцейшым прыёмам самаабароны», -- адзначаў старшы афіцэр па баявой падрыхтоўцы і ідэалагічнай рабоце в/ч 5530 Віталь Варанковіч у лютым 2022г.
Цягам мінулага году ў Беларусі стварылі каля 20-ці вайскова-патрыятычных клубаў. Выхаванцам абяцаюць падтрымку пры паступленні ў профільныя навучальныя ўстановы.
Міхась Хмара