На Браслаўшчыне на базе Мяжанскага сельсавета адбылося выязное пасяджэнне так званага прэзідыума Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў на чале з кіраўніком раёна Вячаславам Грышчанка. На 1 студзеня 2023 года тут налічвалася 69 населеных пунктаў і 1250 жыхароў. Больш за 90 кіламетраў складае працягласць мяжы з Літвой і Латвіяй.
Чыноўнікі наведалі асноўныя ўстановы гэтай мясцовасці, у тым ліку аўтазаправачную станцыю ў вёсцы Краснасельцы пасля рэканструкцыі, кавярню, дзіцячы садок, ФАП, пабывалі на памежнай тэрыторыі “Урбаны” і наведалі могілкі.
Як піша мясцовая раёнка, штогод заправачная станцыя становіцца своеасаблівым астраўком цывілізацыі для прыхільнікаў музычна-спартыўнага фестывалю Viva Braslav. Але толькі сёлета было прынята рашэнне аб устаноўцы тут дадатковых біяпрыбіральняў, некаторым пашырэнні асартыменту.
Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, у іх ёсць пытанні са стаянкай перачэпкі фур ля пункту пропуску на мяжы, аднак, як запэўніў чыноўнік, яны ў працэсе рашэння. Кіроўцы-дальнабойнікі часта скардзяцца на бруд і неўпарадкаванасць гэтай стаянкі.
“Кіроўца з Еўропы не едзе ў Мінск, а праязджае па нашай зямлі, і з таго, што ён бачыць менавіта ў нас - на ўязной браме краіны, складваецца яго ўражанне аб Беларусі ў цэлым. Бо, безумоўна, ёсць розніца: бачыць пыл, бруд, смецце на абочынах або чысціню і спарадкаваную чаргу з вялікагрузаў”, - сказаў чыноўнік.
Паводле браслаўскай раёнкі, станоўчыя ўражанні ва ўдзельнікаў пасяджэння пакінула наведванне могілак.
А пры наведваніі ФАПа ў Урбанах, старшыня Мяжанскага райсавета Ніна Пучынская сказала, што сёлета ўсе намаганні і свабодныя грашовыя сродкі сельсаветы павінны выкарыстоўваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы мясцовых устаноў медыцыны і выкананне сацыяльных стандартаў у гэтай галіне. На гэтым фоне ва Урбанскім ФАПе нарэшце з'явілася магчымасць набыцця лекаў асноўнай безрэцэптурнай групы. Яна заўважыла, што ФАП - гэта яшчэ і грамадскае месца адпачынку. Заасфальтаваная пляцоўка, падстрэшак з лавай, прасторная веранда закліканы ствараць камфорт для правядзення свят, рашэння жыццёва важных пытанняў вяскоўцаў.
Падводзячы вынік агляду Мяжанскага сельсавета, старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка зазначыў, што яму хацелася б, каб да кожнай справы, да кожнага пытання быў душэўны падыход. У сваю чаргу старшыня Мяжанскага райсавета Ніна Пучынская падкрэсліла, што кіраўнікам на месцах на ўсё трэба глядзець больш шырока і ўважліва, вырашаць пытанні разам з усімі раённымі службамі.
Вось так і жывуць беларусы ля мяжы з Літвой і Латвіяй у час, калі ФАП – гэта як прапанаваная ад чыноўнікаў альтэрнатыва адпачынку, а рэканструяваная запраўка з біяпрыбіральнямі – так званы астравок цывілізацыі. А ўлічваючы тое, што на заводах і прадпрыемствах рэгіёну чыноўнікі і так званыя людзі ў цывільным збіраюць сходы і раяць людзям не ехаць на адпачынкі ў Еўропу і нават у такія папулярныя для беларусаў месцы, як Турцыя і Егіпет, то сапраўды застаецца ім адпачываць хіба на ФАПах.
Алег Валькевіч