Паколькі падобныя пытанні існуюць практычна паўсюль, цікава прааналізаваць, на якія праблемы мясцовыя жыхары скардзіліся намесніку прэм“ер-міністра. Выглядае, што ўсе яны мусілі б вырашацца з дапамогай дэпутатаў мясцовых саветаў або выканкамаў. Прыкладам, жыхары вуліцы Арэхаўскай незадаволены адсутнасцю вадаправода і каналізацыі, праблема з вадой існуе і ў вёсцы Пушкі Віцебскага раёну. Таксама намесніка міністра прасілі паспрыяць паляпшэнню працы ЖКГ, вырашыць лёсы безгаспадарчых пабудоў ды пашырыць спіс ільготаў для карыстальнікаў грамадскага транспарту. Дарэчы, побач з намеснікам прэм“ер-міністра на прыёме прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовых уладаў, якім, падобна, жыхары Віцебску проста не давяраюць – калі ўжо нават на адсутнасць вады ў вёсцы ідуць скардзіцца прадстаўніку найвышэйшага органа выканаўчай улады...
Адзінае пытанне, якое выбівалася са стандартнага шэрагу, паставіла перад Анатолем Сіваком жыхарка Віцебску спадарыня Ірэна. Яе хвалюе засілле назваў на замежных мовах у Беларусі, і жанчына прапанавала нейкім чынам стандартызаваць выкарыстанне моваў у рэкламе з ухілам да беларускай. «Бо мы жывём у Беларусі», - цытуе заяўніцу газета «Витьбичи». І тут жа падае адказ намесніка прэм“ер-міністра, які з вырашэннем гэтага пытання «дапамагчы не можа», і нават не згодны з ім «у плане пастаноўкі».
Прасцей, вядома, даць даручэнне старшыні выканкаму Віцебскага раёну і прадпрыемству «Віцебскводаканал», каб наладзілі падачу вады ў вёску Пушкі. Толькі ці варта было дзеля гэтага прыязджаць з Мінску і ладзіць прыёмы грамадзян, калі такія ж пытанні ёсць у кожным рэгіёне, і яны лёгка вырашаюцца на месцы?
Станіслаў Іваноўскі