Аўторак, 18 Ліпень 2023

Кіраўнік Паставаў падпісаў пагадненне аб сяброўскіх стасунках з акупаваным раёнам Крыма

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

11 ліпеня ў Доме Масквы ў Мінску старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік і  старшыня Сакскага раённага савета Аляксандр Гуменны падпісалі пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх стасункаў паміж Пастаўскім раёнам і Сакскім раёнам акупаванага расейцамі Крыма. Адбылося гэта ў рамках так званых Дзён Крыму ў Беларусі. Пра гэта піша сайт postawy.by.

“Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе развівацца ў розных сферах: культуры, адукацыі, сельскай гаспадарцы, прамысловасці і, вядома, турызме”, - сказаў Аляксандр Гуменны і запрасіў беларусаў у Сакскі раён адпачыць і аздаравіцца.

“Нашы здраўніцы карыстаюцца папулярнасцю, усе ведаюць пра лячэбныя ўласцівасці сакскай гразі. Хутка мы сумесна распрацуем план супрацоўніцтва з канкрэтнымі мерапрыемствамі і праектамі”, - сказаў расеец.

Кіраўнік Пастаўскага раёна Сяргей Чэпік у сваю чаргу зазначыў, што Сакскі раён – унікальны і вельмі прыгожы, прыцягальны для турыстаў, але і на Пастаўшчыне не мала цікавых месцаў і ёсць што паказаць і прапанаваць крымчанам. Асабліва ён будзе рады бачыць у сваім рэгіёне аматараў палявання і рыбалоўства.

Відаць, усё ж кіраўнік Паставаў выдатна разумее народнае выслоўе, што ў гасцях добра, а дома лепш. Тым больш зараз, калі ідзе контрнаступ войскаў ВСУ і ў Крыме ўжо даўно неспакойна, а тым больш небяспечна. А падпісанне пагаднення, відаць, яшчэ адзін прагін перад рэжымам Лукашэнкі і расейскай акупацыйнай уладай. А раптам спатрэбіцца…

Даніла Хвошч