Ж., пра якую піша «раёнка», свае віны ў распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі не прызнала. Але ў артыкуле «Будьте осторожней с подписками» адмыслова падкрэслена, што суду хапіла міліцэйскага пратакола агляду тэлефона ў якасці галоўнага доказу вінаватасці.
Як паказвае практыка апошняга часу, наяўнасць падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія» інтэрнэт-рэсурсы, міліцыя і суды кваліфікуюць як распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі: маўляў, калі старонка ў сацыяльных сетках ці мэсэнджарах адкрытая для іншых наведнікаў, то яны могуць убачыць інтэрнэт-спасылку, перайсці па ёй і пачытаць або паглядзець «крамолу».
І таму самы просты шлях, каб такое папярэдзіць, -- гэта запалохаць інтэрнэт-карыстальнікаў адміністрацыйнай адказнасцю з непажаданымі наступствамі. Менавіта з мэтай запалохвання рэгіянальная прэса перыядычна размяшчае артыкулы пра пакаранні за наяўнасць спасылак, знойдзеныя «лайкі» або рэпосты, што да рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».
Што характэрна: у падобных артыкулах абавязкова робіцца акцэнт на наступствы, як правіла, у выглядзе вялікіх штрафаў. Бо нішчымныя заробкі – гэта сапраўдны боль беларускай глыбінкі, і 30 базавых велічынь штрафу, як у выпадку з Ж., безумоўна, сталі адчувальнай стратай для сямейнага бюджэту.
Пра прысуджаныя арышты дзяржСМІ пішуць радзей, бо нават там разумеюць непрапарцыйнасць пакарання за падпіску, пра якую чалавек, можа, даўно забыўся або падпісаўся яшчэ тады, калі рэсурс не быў прызнаны «экстрэмісцкім», «суткамі» у зняволенні.
Да гэтага варта дадаць, што за памкненне атрымаць інфармацыю з недзяржаўных СМІ чалавек трапляе за краты ў якасці «палітычнага» арыштанта, для якіх у месцах адбывання пакарання ствараюць найбольш жорсткія ўмовы з элементамі катаванняў – не даюць матрацаў, не выключаюць на ноч святло і г.д. І ў пераважнай колькасці выпадкаў, адбыўшы «суткі», чалавека звальняюць з працы нібыта за прагулы.
Лявон Каляда
Серада, 19 Ліпень 2023
Лёзненская «раёнка» палохае чытачоў наступствамі атрымання інфармацыі з недзяржаўных СМІ
На старонках дзяржвыдання «Сцяг перамогі» з“явіўся артыкул пра адміністрацыйную справу жыхаркі райцэнтра Ж., якую Лёзненскі райсуд аштрафаваў на 1 100 рублёў (30 базавых велічынь) за наяўнасць падпіскі ў Instagram на адзін з рэсурсаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкай інфармацыяй». Ад арышту жанчыну ўратавала толькі наяўнасць двух малалетніх дзяцей. Бо найчасцей за парушэнне ч.2 арт.19.11 КаАП суды «даюць» арышты, і вельмі часта – адразу на істотны тэрмін 15 сутак.
Апублікавана ў
Дзяржава
Тэгі: