Серада, 30 Жнівень 2023

У Паставах закрылася буйная крама. І гэта стала праблемай для жыхароў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Каля пастаўскай лякарні закрылі вялікую краму “Родны кут”, і гэта непакоіць жыхароў прылеглых вуліц. А жыхарка вуліцы Савецкай Ірына Нецвятай нават звярнулася ў мясцовую раёнку з пытаннем, што будзе на месцы гэтай крамы, і выказала сваё незадавальненне тым, што адбылося.

Паводле жанчыны, гэтая крама была практычна адзіным гандлёвым аб’ектам, дзе можна было набыць розныя прадукты харчавання. Паслугамі гэтай крамы карысталіся не толькі жыхары вуліцы Савецкай, але і прылеглых да яе вуліц. У гэтую краму “Родны кут” прыязджалі нават жыхары размешчаных паблізу вёсак. Нярэдка заязджалі туды і госці горада, нават замежнікі, якія наведвалі Паставы.

Краму ўлады закрылі 1 чэрвеня, і гэта стала для многіх пастаўчан праблемай. Жахарам мікрараёна стала цяжэй набываць прадукты, бо ў бліжэйшых крамах “Пасаднік”, “Хіт” і “Капеечка”, якія знаходзяцца на скрыжаванні вуліц Кляра і Гагарына, асартымент прадуктаў меншы за той, што быў у “Родным куце”. Да таго ж, паводле Ірыны Нецвятай, дабрацца ў тую ж “Капеечку” можа не кожны жыхар Савецкай, паколькі там жыве шмат пажылых людзей, а асабісты транспарт ёсць далёка не ва ўсіх.

У Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства, якому належала крама “Родны кут”, паведамілі, што прычынай закрыцця крамы стала яе нерэнтабельнасць. У сувязі з гэтым яны былі вымушаныя ў траўні правесці аўкцыён на права заключэння дагавора арэнды нерухомай маёмасці, размешчанай па адрасе г. Паставы, вуліца Савецкая, 77, а менавіта  - крамы “Універсам №24 “Родны кут”. Таргі выйграла ЗАТ “Дабраном”. І ўжо 31 траўня кіраўніцтва філіяла падпісала з ім акт прыёму-перадачы капітальнага будынка. У пачатку кастрычніка “Дабраном” плануе адкрыць новы гандлёвы аб’ект  сваёй сеткі. Але якая гэта будзе крама, пакуль дакладна невядома.

Вось такая сітуацыя ў Паставах, горадзе, дзе жыве каля 20 000 чалавек. А ўлады Беларусі ўсё працягваюць пужаць беларусаў, асабліва ў глыбінцы, Еўропай і еўрапейскімі каштоўнасцямі. Але там амаль у кожнай вёсцы ёсць даступныя гандлёвыя кропкі буйных крамаў ці невялікіх, як, напрыклад, “Жабка” ў Польшчы. І там у людзей не ўзнікае пытання, як туды дабрацца і ці ўсё можна там купіць, бо асартымент тавараў у гэтых крамах даволі багаты.

Раман Ясіноўскі