“Прыехалі з мэтай давесці да вас найноўшыя змены дзейнага заканадаўства, а таксама правесці калектыўнае і індывідуальнае кансультаванне па розных юрыдычных пытаннях”, - сказаў Сяргей Канапелька, звяртаючыся да глыбачанаў.
Толькі вось чыноўнік ніяк не зазначыў, як цяпер дзейнічаюць законы ў лукашэнкаўскі перыяд, калі “не да законаў” і навошта ў такіх умовах юрыдычныя кансультацыі. Выглядае так, што іхняя паездка проста для “галачкі” ды і, пэўна, з асабістай карысцю, яны ж не проста так абралі глыбоцкі мясакамбінат, які славіцца шчодрасцю падарункаў для беларускіх вышэйшых чыноў.
У склад так званай групы па прававой адукацыі ўвайшлі дырэктар Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці Ларыса Дорагава, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела ДАІ Глыбоцкага РАУС Дзмітрый Ждановіч, начальнік упраўлення сацыяльна-працоўных адносін, заработнай платы і аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Святлана Зіноўева, старшыня натарыяльнай палаты Віцебскай вобласці Таццяна Маскіна, начальнік аддзела прававой, кадравай работы і справаводства ўпраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Наталля Махонь, загадчык юрыдычнай кансультацыі Глыбоцкага раёна Галіна Цяліца, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч.
Сяргей Канапелька сказаў, што візіт групы на Глыбоцкі мясакамбінат ажыццяўляецца ў рамках Пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2021 года "Аб прававой асвеце грамадзян".
“Прыняцце гэтай пастановы - мера неабходная. Сёння грамадзяне, калі маюць патрэбу ў пошуку адказу на якое-небудзь юрыдычнае пытанне, карыстаюцца інтэрнэтам, але, як правіла, натыкаюцца або на не поўную, або недакладную інфармацыю. Адна з задач, пастаўленая перад створанымі ў нашай краіне групамі прававой асветы - гэта расказаць грамадзянам, дзе шукаць правільную юрыдычную інфармацыю, як ёю карыстацца”, - сказаў чыноўнік.
Канешне, навошта людзям самім шукаць адказы на свае пытанні ці нейкую карысную інфармацыю, трэба яе, на думку беларускіх чыноўнікаў, самім укладаць у галовы людзей, правільную, ідэалагічна вывераную. А, можа, наогул лепш сказаць людзям, каб яны перасталі думаць увогуле і выказвацца, а толькі бяздумна пагаджаліся з уладамі і працавалі на іх, як рабы.
І праўда, ідэальная мадэль беларускай дзяржавы для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.
Валянціна Камароўская