У мерапрыемстве бралі ўдзел мясцовыя чыноўнікі і чыноўніца з Віцебска - старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускай партыі "Белая Русь", рэктар ВДУ ім. П.М. Машэрава Валянціна Багатырова. На імпрэзе прысутнічалі старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч (жонка вядомага ў Глыбокім суддзі Андрэя Тарасевіча, прозвішча якога занесена ў санкцыйны спіс з-за вынясення палітычна-матываваных прысудаў глыбачанам) і старшыня Глыбоцкай раённай суполкі Віцебскай абласной праўладнай партыі "Белая Русь", дырэктар філіяла Глыбоцкія электрасеткі Алег Апяцёнак.
Валянціна Багатырова паведаміла, што рэгіянальныя аддзяленні партыі "Белая Русь" улады ўжо створылі ў 21 раёне Віцебскай вобласці, а таксама ў Наваполацку і трох адміністрацыйных раёнах Віцебска.
Паводле чыноўніцы, партыя быццам актыўна развіваецца і на 1 верасня больш за паўтары тысячы жыхароў вобласці сталі яе членамі.
“У кожным раёне ёсць нямала жадаючых уступіць у партыю, але падкрэслю, што мы не гонімся за колькасцю чальцоў. Нам важна, каб для людзей, якія атрымалі свой партыйны білет - гэта было вялікім гонарам і сваімі справамі яны спрыялі станаўленню партыі”, - адзначыла Валянціна Багатырова.
Гэтая партыя нагадвае сабой камуністычную, куды людзі ў асноўным уступалі не па ідэйных меркаваннях, а таму што так было трэба. І як не ўступіць у яе “па ўласным жаданні”, калі ты чыноўнік і хочаш ім застацца. Што да асатніх –гэта, як у нас робіцца, усё ў “добраахвотна-прымусовым” парадку, трэба ж стварыць бачнасць масавай падтрымкі цяперашняй улады ў Беларусі.
Валянціна Багатырова ўручыла членам Беларускай партыі "Белая Русь" білеты і прамовіла наступныя словы:
- Прымаючы гэты дакумент, вы прымаеце на сябе абавязацельства падтрымліваць дзейны дзяржаўны курс. Партыйны білет накладвае на вас адказнасць за тое, што менавіта мы, народ Беларусі, павінны забяспечваць у краіне стабільнасць. Партыйны білет - гэта яшчэ і сведчанне даверу вам, як сапраўдным патрыётам краіны.
Што мела на ўвазе чыноўніца пад выразам “стабільнасць”, так ніхто і не пачуў. Мо, што рухаемся стабільна ў заняпад.
Міхаіл Рогаў