Падлеткавы ваенна-патрыятычны клуб "Паўночны" быў створаны ў Глыбокім у пачатку гэтага года пры 2-м асобным стралковым батальёне вайсковай часткі 5524. У яго набралі навучэнцаў старэйшых класаў устаноў адукацыі Глыбокага.
Дзеці прайшлі першапачатковую ваенную падрыхтоўку і прымалі ўдзел у розных раённых мерапрыемствах, у тым ліку наведвалі мясціны, звязаныя з Другой сусветнай вайной, іх прыцягвалі да ўдзелу ў праўладных патрыятычных акцыях.
А ў суботу, 23 верасня, падлеткам з клуба «Паўночны» на вайсковым пляцы 2-га асобнага стралковага батальёна Людміла Карніловіч разам з Верай Цяліцай уручылі шаўроны.
Старшыня глыбоцкага раённага савета дэпутатаў Вера Цяліца пры гэтым павіншавала дзяцей з Днём народнага адзінства і пажадала ім поспехаў у вучобе і пажадала стаць адданымі абаронцамі Беларусі.
Нагадаем, ваенна-патрыятычным клубам «Паўночны» кіруюць намеснік камандзіра 2-га асобнага стралковага батальёна вайсковай часткі 5524, якая абслугоўвае турму ў Глыбокім, Расціслаў Сабыніч і Віталь Авечкін.
Цікава, які будзе наступны крок уладаў адносна ваенна-патрыятычнага клуба «Паўночны»: сёння – шаўроны, а заўтра – зброя?
Анатоль Шумскі